Новости Молодечно и Молодечненского района

У працавітых, адказных работнікаў і жывёла дагледжаная

  • 2023-12-11 06:08:50
  • Алег Бяганскі

На гэтым аб’екце жывёлагадоўлі ўтрымліваецца больш за 740 галоў буйной рагатай жывёлы, 564 з іх -- дойны статак. Утрыманне жывёл бяспрывязнае. Абсталявана даільная зала. Многія тэхналагічныя працэсы механізаваныя. Абслугоўваюць комплекс 19 чалавек.

Начальнік цэха жывёлагадоўлі МТК «Груздава» Вольга Шахава раней працавала ў агракамбінаце «Дзяржынскі». Сваю цяперашнюю пасаду заняла некалькі месяцаў таму. Спецыяліст укараняе на Маладзечаншчыне перадавыя тэхналогіі ў сферы жывёлагадоўлі.

-- Каровы ў нас заўсёды дагледжаныя, накормленыя, утрымліваюцца ў чысціні, -- гаворыць Вольга Мікалаеўна. -- Каб жывёле было камфортна, прымяняецца вялікая колькасць подсцілу. Да зімова-стойлавага перыяду комплекс быў падрыхтаваны загадзя. У памяшканнях выкананы ўсе неабходныя работы. Нарыхтаваны высакаякасныя кармы.

Субяседніца вельмі добра адзывалася пра калектыў. Яна адзначыла, што ўсе спецыялісты на сваім месцы. Яны адказныя, працавітыя. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі аператары машыннага даення, жывёлаводы, іншыя работнікі.

Так, менавіта людзі і адносіны да іх вызначаюць поспех любой справы. Гэта тычыцца і жывёлагадоўлі. Працаваць на фермах або жывёлагадоўчых комплексах нялёгка. Нагрузка вялікая. Жывёла патрабуе пастаяннага клопату. Сярод фактараў, якія дазваляюць матываваць спецыялістаў, згуртаваць калектыў, -- годныя ўмовы працы і высокая заработная плата. Усё гэта на МТК «Груздава» ёсць.


-- На комплексе працую тры месяцы, -- расказала прыбіральшчыца Святлана Маліноўская. -- Сачу за чысцінёй і парадкам у вытворчых памяшканнях. Ад гэтага ў многім залежыць якасць малака. Працаваць у «Палачанах» мне падабаецца. Гаспадарка перадавая, заработная плата добрая, прадугледжаны сацыяльныя гарантыі.

Згодная з сяброўкай жывёлавод Анжэла Шыла. Яна даглядае найбольш прадукцыйных жывёл. Пад яе апекай каля 250 кароў. І кожнай патрабуецца ўвага.

-- Адна з мэт акцыі «Наш жывёлавод» -- павысіць прэстыж работнікаў жывёлагадоўчай галіны, -- падсумаваў вынікі візіту Анатолій Фурс. -- Такія сустрэчы паказваюць, што хвалюе людзей, якія ў іх праблемы і клопаты. Прафсаюзы ў многіх пытаннях гатовы прыйсці на дапамогу работнікам. Яшчэ важная місія -- заахвочванне перадавікоў. Усё гэта стымулюе людзей працаваць яшчэ лепш на карысць сваёй гаспадаркі і ўсёй краіны
.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.