Новости Молодечно и Молодечненского района

У Чысці выхоўваюць… скульптараў

  • 2024-01-24 13:20:31
  • Ірына Рабушка

-- У нашай установы ёсць добрая зімовая традыцыя: штораз у снежную пару выхавальнікі разам з дзецьмі лепяць снегавікоў і іншыя фігуры, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю сада, -- гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ала Багданава. -- Такі творчы працэс, безумоўна, яднае.

Выхавальнікі заўсёды прыдумваюць казачныя гісторыі, каб яшчэ больш зацікавіць дзяцей. Напрыклад, усе разам адпраўляюцца на дапамогу ў краіну снегавікоў, на якую напалі Завіруха, раз’юшаны Снегапад і ўсё навокал разбурылі.

Сёлета зіма не скупіцца на снег. У Чысцінскім дзіцячым садзе спадзяюцца, што на яго тэрыторыі «снежная краіна» будзе толькі прыгажэць. А для аздаблення фігур выкарыстоўваюць шышкі, галіны, лазу. Ідуць у ход і рознакаляровыя фарбы.

Бацькі многіх выхаванцаў захоўваюць яркія фотаздымкі снежных «інсталяцый». Па іх відаць, як разам з дзецьмі «растуць» і скульптуры. У садзе жартуюць, што з архіўных сюжэтаў можна аднавіць гісторыю ўстановы, якая доўжыцца ўжо больш за 20 гадоў.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў ЧЫСЦІНСКАГА ДЗІЦЯЧАГА САДА №2.