Сельская бібліятэка аграгарадка Хажова карыстаецца ў мясцовых жыхароў вялікай папулярнасцю. Людзі прыходзяць сюды не толькі каб узяць кнігу або пазнаёміцца з перыёдыкай. Тут можна даведацца шмат цікавага пра родны край.
– У бібліятэцы рэгулярна ладзяцца культурныя і асветніцкія мерапрыемствы, – гаворыць бібліятэкар Надзея Ількевіч. – Арганізавана некалькі экспазіцый літаратуры на розную тэматыку. Разлічаны яны як на дарослую аўдыторыю, так і на дзяцей.
Так, вялікую цікавасць выклікае краязнаўчая выстава «Любі і ведай свой родны край». Яна распавядае пра гісторыю і знакамітых людзей Хажоўскага сельсавета, Маладзечанскага раёна, цэнтральнага рэгіёна.
Галоўная тэма выставы «Жывая памяць пакаленняў» – падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з экспанатаў – альбом, які стварылі работнікі бібліятэкі. У ім сабраны біяграфіі землякоў, удзельнікаў вайны, ёсць матэрыялы пра іх баявы шлях, удзел у пасляваенным аднаўленні народнай гаспадаркі.
Вялікую эмацыянальную рэакцыю выклікае пастаянная экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай. Людзі, якія знаёмяцца з ёю, яшчэ раз упэўніваюцца, якія гора і пакуты прынеслі ў Беларусь нямецка-фашысцкія захопнікі. Падобнае больш ніколі не павінна паўтарыцца.
Для самых маленькіх вясковых чытачоў арганізавана выстава «Вясёлы свет дзяцінства». Тут прадстаўлены багата ілюстраваныя казкі і апавяданні, у асноўным беларускіх аўтараў.
– Сярод наведвальнікаў бібліятэкі людзі розных узростаў і інтарэсаў, – паведаміла Надзея Ількевіч. – Мне аднолькава камфортна працаваць з усімі. Літаратуру я люблю. Магу парэкамендаваць розныя кнігі на розны густ. Мне падабаецца, што цікавасць да друкаванага слова застаецца высокай.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ