У рамесніка Аляксея, з якім нас пазнаёміла свята ў Вязынцы, даўно выпрацаваны асабісты почырк. Можа, таму ён і не назваў сваё прозвішча, а толькі шчыра ўсміхнуўся: «Напэўна, настаў час прыдумаць і ўзяць фірменны псеўданім, які адлюстроўвае любоў да майго рамяства».
Гаршчочкі, люлькі для тых, хто не адмовіўся ад шкоднай звычкі, невялікія сувенірныя рэчы, але асноўны асартымент майстра – керамічныя свістулькі. З іх, прызнаецца Аляксей, усё і пайшло. Неяк, маючы вольны час, зрабіў адну. Крыху не спадабалася – вырашыў адтачыць майстэрства. Так у працэсе з’явілася яшчэ штук дзесяць, не паспеў азірнуцца – іх ужо было каля сотні. І закіпела работа.
Спачатку падарункі-свістулькі атрымалі ўсе сваякі, блізкія і сябры. Потым парадаваў суседскіх і не толькі дзетак, а пасля наладзіў супрацоўніцтва з музеямі і аграсядзібамі.
– Каб сабраць усе мае свістулькі разам, нават уявіць цяжка, які атрымаўся б птушыны аркестр, – з ноткай гумару разважае майстар. – Так-так, перад вамі не проста нейкая «цацанка» – сапраўдны музычны інструмент, які можна не толькі купіць, але і зрабіць сваімі рукамі.
– Складана? Асабліва для тых, хто апошні раз нешта ляпіў яшчэ ў дзіцячым садзе?
– Калі вы пра эстэтычную форму, то нічога складанага тут няма. Ды і наогул: я майстар, і я так бачу. А вось каб атрымалася сапраўдная музычная прылада, трэба пастарацца. Працэс лепкі можна прадэманстраваць за 15 хвілін, але пры гэтым не навучыць. Поспех у вырабе свістулькі прыходзіць тады, калі чалавек мае ўяўленне аб прыродзе ўзнікнення гуку. Мяркую, вы ведаеце, што ў свістулек крыніцай гуку з’яўляецца слуп або струмень паветра. Унутраная поласць мае яйцападобную форму. У сувязі з гэтым галоўнае заключана не ў пластыцы і пабудове «скульптурнай» формы, а ва ўнутранай поласці і прыстасаванні для свісту. Дарэчы, вялікая свістулька, якая мае вялікую поласць, будзе мець больш нізкі, густы гук, чым маленькая.
Пасля невялікага лікбеза Аляксей на практыцы паказаў, як навучыў «спяваць» сваіх птушачак. Іх пошчакі сапраўды адрозніваліся, але гучалі аднолькава прыгожа.
Тэкст і фота: Марына ПУЦЭЙКА