1993 год. Пачатак. «Жыгулі» -- у Алены Саўлінайтэ
Першы фестываль доўжыўся тры дні -- 4-6 чэрвеня, з пятніцы па нядзелю. Адкрыццё, першы рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў, начны джазавы канцэрт, закрыццё праходзілі на гарадскім стадыёне. Свабодных месцаў на лаўках у глядзельнай зале пад адкрытым небам не было, трыбуны былі таксама запоўнены гледачамі. Акрамя таго, свята ахапіла і сцэнічныя пляцоўкі ў гарадскім парку, на вуліцы Прытыцкага ля магазіна «Юбілейны», ля завода парашковай металургіі і СШ №9 Залінейнага мікрараёна.
Адным з заснавальнікаў фестывалю быў Маладзечанскі гарвыканкам, яго старшыня Генадзій Карпенка ўзначаліў арганізацыйны камітэт фестывалю. Адкрыў яго тагачасны Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч. Павіншаваў прысутных народны паэт Ніл Гілевіч, які сказаў: «Я шчыра веру, што сёння мы прысутнічаем на свяце будучай вялікай славы Маладзечна».
«Я бываў на многіх фестывалях, але маладзечанскі выклікае ў мяне асаблівае пачуццё. Гэта наша слова, наша нацыянальная гордасць», -- адзначыў кампазітар Ігар Лучанок, які ўзначаліў журы першага рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў.
Адзін з самых маладых удзельнікаў сярод 18 канкурсантаў -- наш зямляк сямікласнік СШ №8 Аляксандр Дзяруга, які стаў прафесіянальным музыкантам.
Пісала наша газета і пра стваральніка пераходнага прызу конкурсу -- «Залатой галінкі папараці» мастака Юрыя Герасіменку-Жызнеўскага. Галінка папараці, якая асацыіруецца з Вязынкай, радзімай Янкі Купалы, была зроблена ў выглядзе скрыпічнага ключа. Прысутнічаў у кампазіцыі і васілёк, што знітоўвае Маладзечаншчыну з творчасцю Максіма Багдановіча, які два месяцы жыў у Ракуцёўшчыне. Мастаку дапамагалі ствараць статуэтку яго сын Андрэй Герасіменка, які вучыўся на чацвёртым курсе Акадэміі мастацтваў, і яго аднакурснік Юрый Петрусевіч. Пазней павялічаная копія гэтай статуэткі была ўстаноўлена ля Летняга амфітэатра.
Гран-пры конкурсу заваявала Алена Саўлінайтэ, на той час салістка Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, якому належаць ідэя і канцэпцыя фестывалю. Акрамя «Залатой галінкі папараці» Алене ўручылі ключы ад дзявятай мадэлі «жыгулёў».
Увесь беларускі эстрадны бамонд прымаў удзел у фестывалі: Віктар Вуячыч, Іна Афанасьева, Ліка Ялінская, Аляксандр Саладуха, ансамблі «Сябры», «Верасы» і іншыя. Былі і расійскія выканаўцы, самая вядомая сярод якіх Марына Хлебнікава.
2003 год. За дзесяць гадоў -- сем фестываляў. Конкурс маладых выканаўцаў па-за праграмай
VII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі адбыўся 20-21 чэрвеня 2003 года. Калі чатыры першыя праходзілі штогод, то наступныя -- у 1998, 2001 гадах. Галоўная сцэна перамясцілася на Цэнтральную плошчу, ладзіліся канцэрты ля магазіна «Юбілейны» на вуліцы Прытыцкага, ля Белзнешэканамбанка на вуліцы Віленскай, у Палацы культуры, музычным вучылішчы імя М.К. Агінскага.
Галоўную інтрыгу фестывалю Маладзечна не ўбачыла: маладыя выканаўцы заваёўвалі музычны алімп у Мінску, дзе прайшоў Рэспубліканскі фестываль-конкурс маладзёжнага эстраднага мастацтва. А ў Маладзечне ў час адкрыцця ўзнагародзілі пераможцаў. Другое месца ў конкурсе заняў Руслан Аляхно, першае -- Уладзімір Аўчароў. Гран-пры не быў прысуджаны. А спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна «Крыштальная гітара» атрымаў Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі. У час адкрыцця выступіў уладальнік Гран-пры папярэдняга фестывалю Дзмітрый Качароўскі, які вельмі спадабаўся публіцы. Многія і сёння памятаюць песню «Лодка белая» ў яго выкананні.
Адным з яркіх момантаў стаў канцэрт у музычным каледжы, прысвечаны памяці М.К. Агінскага.
У выкананні студыі «Спяваем разам» прагучала песня «Міншчына», напісаная Аленай Атрашкевіч на словы Васіля Жуковіча, якая ў 2006 годзе стала гімнам Мінскай вобласці.
За мінулыя дзесяць гадоў усталяваліся добрыя фестывальныя традыцыі: паэтычныя сустрэчы ў Вязынцы і Маладзечне, работа «Горада майстроў», у якім умельцы з усёй краіны прадстаўляюць свае вырабы, тэатральныя прэм’еры.
2013 год. Лічбы супалі: фестываль таксама трынаццаты
«20 гадоў разам з Маладзечнам» -- так называлася праграма адкрыцця фестывалю, якое адбылося ўжо на сцэне Летняга амфітэатра, пабудаванага да рэспубліканскіх дажынак у 2011 годзе.
Фестываль праходзіў 7-8 чэрвеня.
Па традыцыі ў час адкрыцця на галоўнай сцэне ўшаноўвалі пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў, два туры якога праходзілі ў Палацы культуры, трэці -- на сцэне Летняга амфітэатра. Уладальніцай Гран-пры стала 18-гадовая магіляўчанка Валерыя Грыбусава. Міністр культуры Барыс Святлоў уручыў ёй «Крыштальную гітару», а Міхаіл Фінберг -- дыплом. Але самае галоўнае -- маэстра запрасіў яе ў свой аркестр. І гэта яскравае пацвярджэнне таго, што фестываль даў пуцёўку на прафесійную сцэну вельмі многім выканаўцам. Сярод іх і наш зямляк Аляксандр Салаўёў, які ў 2013 годзе прадстаўляў Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў на «Славянскім базары».
Упершыню за 20 фестывальных гадоў на заключным гала-канцэрце артысты спявалі ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра нашага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. Калектыў, яго галоўны дырыжор з гонарам выканалі гэту адказную місію. Сярод выканаўцаў былі Алёна Ланская, Іна Афанасьева, Пётр Ялфімаў, Ірына Дарафеева, вакальная група «Чысты голас», выпускнікі каледжа Уладзімір Александровіч, Валянцін Сухадолец, Анатолій Сіўко і многія іншыя.
Паэтычныя сустрэчы, прэм’ерныя спектаклі, творчыя сустрэчы са знакамітымі артыстамі, паэтамі, кампазітарам -- з году ў год праграма фестывалю пашыралася, ахоплівала большую колькасць гледачоў. Рос і «Горад майстроў», які нязменна прыцягвае ўдзельнікаў свята сваімі самабытнымі сувенірамі.