Амбулаторыя абслугоўвае 17 вёсак Маркаўскага сельсавета і часткова Лебедзеўскага, у якіх жыве больш за 1300 чалавек. Ва ўстанове дзейнічаюць дзённы стацыянар на шэсць ложкаў, лабараторыя, стаматалагічны і фізіятэрапеўтычны кабінеты, аптэка.
Загадвае амбулаторыяй урач агульнай практыкі Мікіта Малашка — маладзечанец, які пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта і інтэрнатуры ў цэнтральнай раённай бальніцы быў размеркаваны ў Маркава. Дарэчы, яго маці Алена Сяргееўна працуе старшым фельчарам на станцыі хуткай дапамогі. Не дзіўна, што і Мікіта стаў урачом. За дзень да яго прыходзяць на прыём па 25 і больш пацыентаў – нагрузка вялікая. Да гэтага трэба дадаць шматлікія арганізацыйныя пытанні, з якімі ён спраўляецца. Калі ўзнікаюць цяжкасці, малады спецыяліст заўсёды можа звярнуцца па параду і дапамогу да замацаванага за ім кіраўніка – намесніка галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва ЦРБ Івана Лужынскага, а таксама да настаўніка – загадчыка Лебедзеўскай амбулаторыі Рыгора Шаўчука.
Маладым спецыялістам з’яўляецца і памочнік урача Анастасія Артыкбаева. Яна мясцовая, закончыла Маркаўскую СШ, з дзяцінства марыла быць медыкам. Пасля заканчэння Маладзечан-
скага медкаледжа дзяўчыну размеркавалі ў Маркава. Гэты ж каледж, толькі на год пазней, закончыла і Анастасія Ярмошка — загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта ў вёсцы Клочкава.
Разам з моладдзю ў нашай амбулаторыі працуюць вопытныя медыкі, якія не адно дзесяцігоддзе лечаць вяскоўцаў. Гэта акушэрка Таццяна Ільюшонак, медсястра агульнай практыкі Таццяна Саўчанкова. У дзённым стацыянары дапамагае хворым добразычлівая і вельмі адказная медсястра Таццяна Странкоўская. Удзячныя пацыенты за дапамогу стаматолагу Уладзіміру Мацкелю.
Персанал амбулаторыі пастаянна вядзе прафілактычную работу сярод насельніцтва. У час наведвання пацыентаў на даму, а таксама на бацькоўскіх сходах у мясцовай школе, сельсавеце медыкі расказваюць, як берагчы сваё здароўе, правільна харчавацца. Асаблівы іх клопат — аб дзецях, інвалідах, адзінокіх састарэлых.
У год свайго дзесяцігоддзя калектыў амбулаторыі нязменна жадае землякам не хварэць, берагчы сябе і сваіх блізкіх. А вяскоўцы ўдзячныя сваім медыкам за клопат і дапамогу.
Тэкст і фота: Мікалай КОТ.