Новости Молодечно и Молодечненского района

Тое, што нас аб’ядноўвае

  • 2024-06-14 12:16:09

Сумесны двухдзённы міжрэгіянальны семінар бібліятэчных работнікаў на тэму: «Краязнаўчая дзейнасць бібліятэк як аснова гістарычнага і патрыятычнага выхавання» прайшоў на базе Астравецкай раённай бібліятэкі і Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча.

Наш раён наведалі бібліятэкары астравецкіх бібліятэк. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Наталля Меднікава прадставіла краязнаўчыя праекты, што рэалізуюцца публічнымі бібліятэкамі раёна, расказала аб мерапрыемствах, накіраваных на выхаванне любові да роднага краю, папулярызацыю творчасці маладзечанскіх пісьменнікаў, даследчую працу. Пісьменнік і краязнавец Міхась Казлоўскі пазнаёміў гасцей з гісторыяй горада, правёў невялікую экскурсію.

Супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, Чысцінскай сельскай бібліятэкі-філіяла №44, Радашковіцкай гарпасялковай бібліятэкі-філіяла падзяліліся вопытам работы па краязнаўстве.

– Мы прэзентавалі свой праект «Творчыя людзі нашага пасёлка». У нас такіх нямала, – гаворыць загадчык Чысцінскай сельскай бібліятэкі Наталля Янчаўскене. – Мясцовыя жыхары пішуць вершы, ствараюць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Заўсёды рады бачыць кожнага ва ўстанове культуры на традыцыйных сустрэчах, дзе ёсць магчымасць падзяліцца сваімі творчымі сакрэтамі, навучыцца новаму, цікаваму і з карысцю бавіць вольны час.

У рамках семінара бібліятэкары наведалі славутыя літаратурныя мясціны Маладзечаншчыны – філіял «Вязынка» Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і «Фальварак Ракуцёўшчына», філіял музея Максіма Багдановіча.

Пры падвядзенні вынікаў было адзначана, што галоўнымі задачамі краязнаўчай работы бібліятэк з’яўляюцца захаванне культурнай спадчыны, назапашванне інфармацыі, вывучэнне і распаўсюджванне вопыту работы па краязнаўстве.

Падрыхтавала Людміла ЦАР