Новости Молодечно и Молодечненского района

Температура на рабочих местах -- под контролем профсоюзов

  • 2017-12-10 09:03:43
  • Аляксандр Лазоўскі


Арганізацыя вытворчага працэсу ў перыяд асенне-зімовых халадоў альбо летняй спёкі пастаянна знаходзіцца ў полі зроку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і яе рэгіянальных прадстаўнікоў. Вось і сёлета, па словах старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяны Яцухна, прафсаюзныя актывісты Маладзечаншчыны ўключыліся ў актыўны працэс праверкі ўмоў працы работнікаў розных сфер вытворчасці. Нацыянальны прафцэнтр у снежні праводзіць месячнік грамадскага кантролю за захаваннем тэмпературнага рэжыму на рабочых месцах. Так, грамадская камісія па ахове працы раённага аб’яднання прафсаюзаў правядзе рэйды па прадпрыемствах і арганізацыях раёна, у час якіх асаблівая ўвага будзе звяртацца на выкананне патрабаванняў заканадаўства пры рабоце ў неспрыяльных умовах надвор’я, стан санітарна-бытавых памяшканняў, забеспячэнне работнікаў спецыяльным адзеннем і абуткам. Спецыялісты прафсаюзных арганізацый прадоўжаць маніторынг тэмпературнага рэжыму ў цэлым па той ці іншай галіне, у аб’яднаннях і на асобных прадпрыемствах.

Цікава, якой жа павінна быць тэмпература на рабочым месцы? Таццяна Яцухна патлумачыла наступнае. Калі слупок тэрмометра ў рабочым памяшканні паднімаецца вышэй за 26 градусаў цяпла, працаздольнасць чалавека зніжаецца на 10 працэнтаў. А тэмпература ніжэйшая за 18 градусаў для прадстаўнікоў большасці прафесій – рэальны шлях на бальнічны.

Зімой у офісах тэмпература павінна быць плюс 20 градусаў і вышэйшая. У механічных цэхах – не меншая за 17, у ліцейных, тэрмічных і зварачных – плюс 15 і больш.

У законе Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы» ёсць нюансы, звязаныя з умовамі работы ў моцны мароз — пры мінус 25 і ніжэй. У людзей, якія працуюць на адкрытым паветры альбо ў памяшканнях, якія не ацяпляюцца, акрамя перапынку на абед павінны быць перапынкі для таго, каб можна было абагрэцца. Звычайна гэта 15-20 хвілін праз кожныя дзве гадзіны.

Свае правілы – для ўтрымання бытавых памяшканняў. Лічыцца, што ў зімовы перыяд тэмпература ў вестыбюлях, гардэробах вулічнага адзення, памяшканнях для рамонту спецадзення і спецабутку не павінна апускацца ніжэй за 16 градусаў, у памяшканнях для адпачынку – 22, а слупок тэрмометра ў душавых пакоях не можа апускацца ніжэй за 25 градусаў.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў паведаміла, што ў ФПБ на пастаяннай аснове працуе гарачая лінія, якая дазваляе аператыўна выяўляць парушэнні правілаў і норм аховы працы і своечасова прымаць меры па іх ліквідацыі.

Любы работнік можа паведаміць аб парушэннях па тэл. 8-017-203-90-48 з 8.30 да 10.30 і з 15.30 да 17.30. Тэхнічныя інспектары працы абавязкова выедуць на месца і правераць інфармацыю з мэтай далейшага ўхілення недахопаў.