Новости Молодечно и Молодечненского района

Тайна чорнага чамадана

  • 2022-05-10 12:17:15

Ганна Дзмітрыеўна лічыць, што яе расповед аб гадах ліхалецця дазволіць не толькі яшчэ раз успомніць яе бацьку, вядомых і невядомых ахвяр Вялікай Айчыннай, але і папярэдзіць людзей, каб больш ніколі не распачыналі войнаў.

У час адступлення немцы пакінулі «падарунак»

Ганна Дзмітрыеўна нарадзілася ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Асанава, якая прымыкае да Лебедзева. Яе бацька Дзмітрый Іпалітавіч Станевіч – земляроб і садавод, маці Людміла Мацвееўна – хатняя гаспадыня. Дзякуючы мясцоваму яўрэю Абраміцэлю маці авалодала швейным рамяством, стала добрай швачкай.

Пачатак ліпеня 1944 года для жыхароў Асанава быў гарачым у прамым і пераносным сэнсе. Стаяла спякота. Савецкія войскі, выйшаўшы на подступы да Смаргоні і Маладзечна, імкнуліся завалодаць названымі чыгуначнымі вузламі. Чырвонай арміі трэба было таксама заняць моцную абарону і не дапусціць адыходу мінскай групоўкі фашыстаў на Вільнюс.

Немцы адступалі з боку Маладзечна ў напрамку Маркава і Турэц-Баяраў больш за тыдзень. Некаторы час яны нават кватаравалі ў доме Станевічаў. Пасля сябе пакінулі «падарунак» – невялікую колькасць боепрыпасаў, схаваных у печы. Аднойчы, калі печ запалілі, схаваныя ў ёй патроны пачалі ўзрывацца. Пашанцавала, што выбухі нікога не паранілі і не забілі.

За Ушой, з боку Вілейкі, па балоцістай мясцовасці ў абход Маладзечна ішло наступленне савецкіх войск. Адзін з напрамкаў праходзіў праз жытняе поле паміж Мароськамі і Асанавам. Тут і разгарнуліся трагічныя для сям’і Станевічаў падзеі.

Жонка Дзмітрыя Станевіча Людміла з дочкамі Ганнай, Ірынай, Кацярынай, прыёмнымі дочкамі Ірынай і Людмілай.

Быў прастрэлены нават абраз

І чырвонаармейцы, якія наступалі, і фашысты вялі моцны агонь. Многія дамы жыхароў Маросек, Асанава і Лебедзева гарэлі. Большасць мясцовага насельніцтва, уцякаючы ад агню, пакінула сваё жыллё. Людзі схаваліся ў навакольных лясах. Сям’я Ганны Дзмітрыеўны – маці і дзеці – падаліся да знаёмых на Устронні – хутары з пяці дамоў. Бацька ж застаўся дома і ратаваў ад пажару хату і гаспадарчыя пабудовы.

Шчыльнасць кулямётнага і аўтаматнага агню з абодвух бакоў была такой моцнай, што некаторыя будынкі сталі падобныя на рэшата. Нават абраз, які вісеў на куце дома Ганны Дзмітрыеўны, быў прастрэлены ў некалькіх месцах. Агонь ад будынкаў, пакрытых саламянымі дахамі, перакідваўся вельмі хутка, пераскокваючы нават па платах. Бацьку Ганны Дзмітрыеўны неймавернымі намаганнямі ўдалося выратаваць сваю хату ад пажару, хоць яна некалькі разоў загаралася. Але кульмінацыя і трагічная развязка тых падзей была наперадзе…

Не пашкадаваў хлеба – паплаціўся жыццём

На месцы злучэння асанаўскай дарогі з той, што вяла на Смаргонь, на высокай бярозе фашысты зрабілі назіральны пункт. Там сядзеў нямецкі салдат і праз бінокль сачыў за дарогай, што вяла да чыгункі, адкуль і павінна было ісці наступленне савецкіх войск. Дарога пэўны час была бязлюднай. Але ў адзін з дзён на ёй з’явіліся двое невядомых мужчын у цывільным адзенні. Адзін з іх быў у гадах, другі малады. Ён нёс у руках чорны чамадан. Было бачна, што чамадан мае добрую вагу. Невядомыя рухаліся асцярожна і пастаянна азіраліся па баках. Усё гэта адбывалася ў час абстрэлу нашай мясцовасці. Параўняўшыся з хатай Ганны Дзмітрыеўны, яны заўважылі яе бацьку і, падышоўшы бліжэй да яго, папрасілі хлеба.

Нягледзячы на бедныя запасы, бацька без роздуму адгукнуўся на просьбу незнаёмых мужчын і хуценька паспяшаўся ў хату. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся адтуль з боханам чорнага хлеба, які даў старэйшаму мужчыну.

За ўсім гэтым з назіральнага пункта сачыў немец. Адтуль да дома Станевічаў было каля ста метраў, таму фашыст усё добра бачыў. Нечакана ён спусціўся на зямлю і падбег да бацькі, які размаўляў з нязванымі гасцямі. Малады мужчына паставіў чамадан на зямлю. З’яўленне немца для занятых размовай людзей было нечаканасцю. Немец пачаў рашучыя дзеянні: запатрабаваў ад незнаёмых дакументы. Потым, не даўшы мужчынам апамятацца і пазіраючы на падазроны чамадан, спытаў, што ў ім знаходзіцца. Малады мужчына зразумеў крытычную сітуацыю, кінуў чамадан і кінуўся ў жыта, што прылягала да хаты Станевічаў. Фашыст імгненна стрэліў яму наўздагон, але не пацэліў. Потым з развароту другой куляй застрэліў старэйшага мужчыну. На гэтым супрацьстаянне не спынілася. Вораг кінуў зброю на зямлю, зняў рэмень і накінуў яго на шыю бацькі, моцна сціскаючы горла. Дужы фашыст задушыў бацьку Ганны Дзмітрыеўны.

Трэба сказаць, што немец быў добра натрэніраваным, бацька не змог даць яму адпор. Усё адбылося хутка і нечакана. Трагічная развязка наступіла за некалькі хвілін. Так наша субяседніца страціла свайго бацьку.

Такім Дзмітрый Іпалітавіч застаўся ў памяці радні.

«Пахавайце мяне ў садзе»

Кім падаліся немцу гэтыя невядомыя бацьку мужчыны? Напэўна, разведчыкамі. Магчыма, імі яны і былі. Але загадкай з’яўляецца і тое, што было ў іх чорным чамадане. Магчыма, рацыя, пры дапамозе якой незнаёмыя мужчыны павінны былі перадаваць інфармацыю. Альбо нейкія важныя дакументы ці каштоўнасці… Тайна чорнага чамадана, як кажуць, сцерлася з памяці.

Нам дакладна вядома толькі тое, што чамадан забраў немец. Невядомага мужчыну спачатку пахавалі ля дарогі, а пасля вайны яго астанкі перанеслі на могілкі. Што тычыцца пахавання бацькі Ганны Дзмітрыеўны, то тут справа больш складаная.

У хуткім часе вестка аб смерці Дзмітрыя Іпалітавіча дайшла да яго жонкі і дзяцей, і тыя хутка вярнуліся да сваёй хаты. Паколькі ішлі актыўныя ваенныя дзеянні, было прынята сямейнае рашэнне часова пахаваць бацьку ў яго садзе, які ён вельмі любіў і яшчэ пры жыцці часта гаварыў сваёй Людміле, каб тая пасля смерці пахавала яго там. На вялікі жаль, гэтыя словы сталі прарочымі.

Пасля вайны перад сям’ёй Станевічаў пытанне пра перапахаванне бацькі на могілках паўставала некалькі разоў. Але сыну Дзмітрыя Іпалітавіча Анатолію прысніўся сон, які перашкодзіў ажыццявіць задуманае. Бацька ў сне катэгарычна папярэдзіў сына: «Толькі паспрабуй мяне крануць! Я люблю свой сад і буду ляжаць у ім вечна».

Пасля гэтага выпадку ніхто са Станевічаў больш не паднімаў пытанне аб перапахаванні Дзмітрыя Іпалітавіча. Сёння ён так і застаецца ў сваім любімым садзе, што часам выклікае здзіўленне ў тых, хто наведвае сям’ю Станевічаў і бачыць у іх садзе магілу.

Дачка ля магілы бацькі ў яго любімым садзе.

Р.S. Адразу пасля вайны сям’ю Станевічаў наведаў той самы невядомы мужчына, які змог уцячы. Нязваны госць адразу запатрабаваў ад маці Ганны Дзмітрыеўны вярнуць яму чорны чамадан, які ён пакінуў непадалёк ад хаты Станевічаў. Аднак давялося яму вяртацца ні з чым, бо той загадкавы чорны чамадан, з-за якога загінуў муж, Людміла Мацвееўна ніколі не бачыла.

Антон АПАНАСЕВІЧ, настаўнік гісторыі, загадчык гісторыка-краязнаўчага музея «Спадчына» Лебедзеўскай СШ.
Фота: АЎТАР, архіў Ганны ЕЛЬЯШЭВІЧ.