Новости Молодечно и Молодечненского района

«Тата ўдзельнічаў у вызваленні Варшавы, а ў мірным жыцці будаваў дамы»

  • 2021-04-27 12:19:31
  • Анжаліка Крупянькова

«Мы тутэйшыя»

Так гаварылі пра сябе жыхары вёскі Вензаўшчына і іншых населеных пунктаў цяперашняга Шчучынскага раёна Гродзенскай (у мінулым Беластоцкай) вобласці. Нават вядомая беларуская паэтэса Алаіза Пашкевіч (Цётка), якая родам з гэтых мясцін, пісала, што не ведае сваёй нацыянальнасці і адносіць сябе да «тутэйшых». Беларусы, палякі, літоўцы жылі дружна, разумелі адзін аднаго, жаніліся між сабой.

— Вось і мой дзед Адольф Жук, беларускі паляк, вярнуўшыся з заробкаў са Злучаных Штатаў Амерыкі, ажаніўся з літоўкай Эльжбетай. Прыкупіў 13 гектараў зямлі, пабудаваў на хутары дом. Мой тата – іх першынец, праз тры гады нарадзілася яго сястра Юзэфа, — расказвае Дана Браніславаўна, якая распытвала ў бацькоў гісторыю свайго роду, захавала здымкі, дакументы.

Застаўся адзіным карміцелем

Калі пачалася вайна, Браніславу Жуку было 17 гадоў, ён закончыў чатыры класы польскай школы. Замалада яму прыйшлося шмат працаваць: гаспадарка была вялікай, а здароўе бацькі здабыча каменнага вугалю ў Амерыцы моцна падкасіла. Браніслаў вельмі шкадаваў сястру, якая пасля перанесенага менінгіту пачала страчваць зрок.

У акупацыі ворагі рэгулярна забіралі ў хутаран прадукты, якіх і самім не хапала. У 1942-м здароўе бацькі рэзка пагоршылася. Мясцовы доктар даў параду везці яго ў Гродна. Браніслаў запрог каня, на возе зімой павёз бацьку за 80 кіламетраў. Але ў бальніцы сказалі, што занадта позна прыехалі, дапамагчы хвораму немагчыма. Дарога дадому для хлопца была трагічнай: 52-гадовы бацька памёр у яго на руках.

Яфрэйтар Войска Польскага

Пасля вызвалення Беларусі ў верасні 1944 года Васілішкаўскі ваенны камісарыят прызваў 20-гадовага Браніслава Жука на ваенную службу. Ён быў залічаны ў 12-ы пяхотны полк Войска Польскага, які дыслацыраваўся ў горадзе Бяла-Падляска.

— У распараджэнне таты выдзелілі каня, на якім ён падвозіў усё неабходнае для байцоў, вырашаў пытанні забеспячэння. Нават абутак салдатам рамантаваў, бо ў маладосці бацька навучыў яго гэтаму рамяству, — распавядае дачка. — Разам са сваім палком тата ўдзельнічаў у вызваленні Варшавы, а таксама гарадоў Быдгошч, Піла, Баляславец і іншых. Яму пашанцавала: Бог убярог яго ад раненняў і кантузій. Тата расказваў, што толькі перад самай дэмабілізацыяй ледзь не загінуў ад выпадковай кулі. Адзін з саслужыўцаў чысціў сваю вінтоўку і націснуў на курок. Куля чыркнула ля самага вуха таты, але ён застаўся жывы. Усе яму казалі: «Шчасліўчык!».

Пасля дэмабілізацыі восенню 1945 года саслужыўцы агітавалі Браніслава застацца ў Польшчы, абяцалі знайсці яму добрую дзяўчыну. Але ён нават думкі такой не дапускаў, бо дома яго чакалі матуля і сястра. Кінуць іх ён не мог, адчуваў свой доўг перад імі.

У 1989 годзе Браніслаў Адольфавіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, меў каля дзясятка ўзнагарод.

Быў вельмі ўзрушаны, калі ў 2002 годзе польскі ўрад назначыў яму спецыяльную дапамогу як былому салдату Войска Польскага. Разам з дачкой ездзіў на ўрачыстыя прыёмы па запрашэнні пасольства Польшчы ў нашай краіне. Яму было прыемна, што яго сціплы ўклад у вызваленне суседняй краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў не забыты.

Дрэва – яго стыхія

Дадому Браніслаў Адольфавіч вярнуўся з трафейным акардэонам «Хохнер», з якім не расставаўся шмат гадоў (пакуль канчаткова не расклеіліся яго мяхі). Сам асвоіў гэты інструмент, іграў на вясковых святах ва ўсім наваколлі. А любімай песняй была «Віно зеляно», успамінае дачка.

Ажаніўся былы воін з прыгожай дзяўчынай Фяліцыяй з рэпрэсіраванай у сталінскія часы сям’і. Адным з першых уступіў у калгас і ўсё жыццё працаваў з дрэвам, займаўся будаўніцтвам.

Браніслаў і Фяліцыя Жукі.

— У яго былі залатыя рукі! Ведалі б вы, колькі ён пабудаваў дамоў, дач. І печы складаў — да ўсяго быў здатны, — з любоўю гаворыць дачка. – А яшчэ ў таты быў унікальны дар: ён размаўляў, нібы вершы складаў — рыфмаваў канчаткі выразаў.

Гэта любоў да рыфмы перадалася і дачцэ: на працягу ўсяго жыцця яна складае вершы да юбілеяў блізкіх і сяброў, проста для душы…

А бацькава майстэрства працаваць з дрэвам перадалося старэйшаму сыну Антону. Ён па спецыяльнасці інжынер, жыве з сям’ёй пад Вільнюсам. Малодшы сын Эдуард таксама інжынер, жыве ў Маладзечне. Дана была яшчэ старшакласніцай, калі бацькі адправілі яе ў наш горад, каб дапамагала гадаваць дзяцей невідушчай цёці Юзэфе. Прыходзіць на дапамогу як сваім блізкім, так і чужым людзям – якасць, якую прывілі сваім дзецям Браніслаў і Фяліцыя Жукі. Калі Дана Браніславаўна ўладкавалася ў горадзе, выйшла замуж, атрымала кватэру, у яе доўгі час жыла стрыечная сястра. А потым забралі з мужам пажылых бацькоў, бо ў вясковым доме ім было цяжка самім спраўляцца.

Працуючы загадчыкам аддзела сацыяльнага забеспячэння, намеснікам старшыні Маладзечанскага гарвыканкама, старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў, Данілея Браніславаўна дапамагала ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны вырашаць самыя розныя пытанні. Менавіта пад яе кіраўніцтвам у 1989 годзе распачыналася работа па пацвярджэнні статуса вязняў канцлагераў, складаліся іх спісы, у выніку чаго яны змаглі карыстацца льготамі. Калі брала ў рукі чарговыя дакументы, разумела: за імі – нялёгкі лёс чалавека, які, як і яе бацька, зведаў пакуты ваеннага часу.

Браніслаў Адольфавіч Жук пражыў 83 гады, яго не стала ў 2008-м. Удзячныя нашчадкі захоўваюць памяць аб сваім дарагім чалавеку. Малады, поўны сіл, ён побач са сваёй Фяліцыяй глядзіць са здымкаў, што ўпрыгожваюць пакой дачкі. А стрэлкі яго гадзінніка па-ранейшаму адмяраюць час. Мірны, шчаслівы час для яго дзяцей, унукаў і праўнукаў…

Дачка захавала гадзіннік свайго бацькі-франтавіка.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Данілеі ЖУК.