Новости Молодечно и Молодечненского района

Танец, даўжынёй у 30 гадоў

  • 2024-03-19 07:22:37
  • Анжаліка Крупянькова

– Сёлета на вечар сустрэчы з выпускнікамі я ўпершыню за 30 гадоў сядзела ў зале. На сцэну паднімаліся юбілейныя выпускі, і ў кожным – мае выхаванцы, удзельнікі танцавальнага калектыву «Купалінка», які існаваў у Радашковіцкай СШ №1 30 гадоў. Вельмі радасна было іх бачыць, чуць цёплыя словы ў свой адрас. Я атрымала такі зарад станоўчых эмоцый! – расказвае Жанна Мікалаеўна.

Яна пачала танцаваць з першага класа. У Доме культуры яе роднага Краснага дзейнічаў харэаграфічны калектыў, якім кіраваў таленавіты педагог Мікалай Цароў. У культасветвучылішчы Жанна атрымала спецыяльнасць харэографа, пазней закончыла ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура». І гэта вельмі ўдалае спалучэнне: кожны танец яе «Купалінкі» станавіўся відовішчным міні-спектаклем. Цікава, што ў першым складзе ансамбля танцавала будучы дырэктар школы, цяпер старшыня Радашковіцкага пасялковага выканаўчага камітэта Інга Вялікаіваненка, якая з вялікай цеплынёй гаворыць пра таленавітага харэографа. Народныя, класічныя, эстрадныя танцы былі ў рэпертуары калектыву. Кожны год развучвалі па 3-4 новыя. І да кожнай кампазіцыі шылі касцюмы. Жанна Мікалаеўна ўдзячная прафесійнай швачцы Тамары Шайдулінай і настаўніцы працоўнага навучання Наталлі Шубянковай, якія дапамаглі ёй ствараць сцэнічныя вобразы для юных танцораў. Падтрымлівалі і бацькі, разам з кіраўніком радаваліся поспехам дзяцей.

– «Купалінка» стала для ўсіх нас адной вялікай сям’ёй. Рэпетыцыя, выступленні, паездкі – мы шмат часу бавілі разам, сябравалі. Дзеці дапамаглі мне стаць педагогам, я вучылася ў іх адкрытасці, імкненню да новага, нязведанага, – дзеліцца мая субяседніца.

Як прыгадвае Жанна Мікалаеўна, росквіт калектыву прыпаў на сярэдзіну 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У тыя часы ў раёне на базе Хажоўскага сельскага Дома культуры штогод ладзіліся маштабныя фестывалі творчасці школьнікаў «Суквецце талентаў». «Купалінка» неаднойчы станавілася іх прызёрам, лаўрэатам, паспяхова ўдзельнічала ў рэспубліканскіх конкурсах. Калектыў выступаў на розных сцэнічных пляцоўках, у тым ліку сталічных, ездзіў на фестывалі за межы Беларусі.

– Жанна Мікалаеўна, як вы лічыце, усе дзеці здольныя да танцаў?

– Некаторым пашанцавала: яны ад прыроды больш пластычныя, творчыя. Аднак вельмі важна не толькі здольнасці, але і жаданне, уменне працаваць над сабой. Харэаграфія – вялікая праца, і я неаднойчы была сведкам таму, як менш здольныя, але больш настойлівыя і працавітыя дабіваліся лепшых вынікаў.

Нядаўна былыя выхаванцы, калегі віншавалі Жанну Жылінскую з 60-годдзем. Адпрацаваўшы ў школе СШ 30 гадоў, яна пайшла на заслужаны адпачынак.

– Харэаграфія – маё хобі, якое стала любімай прафесіяй, справай усяго жыцця. І каб мне далі другі шанц яго пачаць, я зноў бы выбрала танец! – прызнаецца Жанна Мікалаеўна.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА
Фота: архіў Жанны ЖЫЛІНСКАЙ