На старонках «МГ» мы расказваем пра людзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі. Сёння знаёмім чытачоў з Тайрай БІРУКОВАЙ.
13-гадовая дзяўчынка жыве ў Маладзечне. Тайрай яе назвалі па прапанове таты. Джон Мікалаевіч вырашыў прадоўжыць традыцыю рэдкіх імёнаў у сям’і.
– У якасці альтэрнатывы было імя Жаклін, – расказвае субяседніца. – Маме больш спадабалася, як трактуецца Тайра. У яго некалькі версій паходжання. Напрыклад, згодна са скандынаўскай, яно азначае «напорыстая», а ў перакладзе з арабскай мовы – «птушка, пеўчая птушка». Маме спадабалася і спалучэнне Тайра Джонаўна. А маю малодшую сястру завуць Сабрына.
Ужо ў дзіцячым садзе Тайра зразумела, што вылучаецца сярод іншых іменем.
– Але мне заўсёды падабалася маё імя, – гаворыць дзяўчынка.
Тайра пакуль не сустракала сваіх цёзак. Хіба толькі ў сусветнай прасторы ці на тэлеэкране: Тайра Бэнкс – папулярная мадэль, актрыса, спявачка, прадзюсар і тэлевядучая. Нават ўсёведны Інтэрнэт не выдае альтэрнатыўных варыянтаў знакамітасцей з такім іменем. Затое пазначаецца, што так называюць дзяўчынак у многіх краінах свету, і паўсюдна імя ў ліку рэдкіх.
Наша гераіня вельмі любіць спяваць. Спачатку яна займалася ў дзіцячым цэнтры культуры «Расток» і ўжо на працягу некалькіх гадоў наведвае эстрадна-вакальную студыю «Менестрэлі-Кідс» Палаца культуры. У скарбонцы юнай спявачкі мноства дыпломаў і грамат. Яна з задавальненнем удзельнічае ў розных конкурсах, у тым ліку міжнародных і анлайн-фармату. Выступала на сцэнічных пляцоўках Мінска, Віцебска, Оршы. Нядаўна стала лаўрэатам другой ступені на міжнародным фестывалі мастацтваў «Новыя вяршыні» ў беларускай сталіцы. Дапамагаюць Тайры дасягаць поспехаў педагог па вакале Алеся Важнік і мастацкі кіраўнік «Менестрэлі-Кідс» Аляксандр Важнік.
Дзяўчынка шукае сябе ў розных жанрах, асабліва падабаюцца эстрада і джаз. Спявае на беларускай і рускай мовах, спрабуе на французскай, якой авалодвае ў СШ №11, дзе вучыцца.
– Займацца музыкай – карпатлівая праца, – зазначае Тайра. – Мяне вельмі падтрымліваюць не толькі педагогі, але і бацькі, за што я ім удзячная.
Ірына РАБУШКА
Фота: архіў Тайры БІРУКОВАЙ