Новости Молодечно и Молодечненского района

Сяргей Гудовіч: «Для мяне бар'ераў няма!»

  • 2016-12-13 11:14:32
  • Анжаліка Крупянькова

Большую частку жыцця Сяргей Гудовіч правёў у інваліднай калясцы. Але гэта не стала перашкодай, каб аднаму падарожнічаць па Еўропе, займацца бізнесам, пабудаваць кааператыўную кватэру, ажаніцца. Ён усміхаецца на здымках на ўсіх дакументах (толькі фота на пашпарце выключэнне), марыць пра дзяцей і ўласны дом. Аптымізму гэтага 47-гадовага мужчыны, які мае першую групу інваліднасці, хапіла б на дзесяцярых.

«Твой лёс – сядзець на ложку»
Пра той глыбокі сцёк «ліўнёўкі» на роднай вуліцы Горкага ён ведаў усё жыццё. Чаму не абмінуў яго, заліты вадой, калі раніцай імчаўся на сваёй «Яве» да каханай дзяўчыны, з якой збіраўся ажаніцца? На вялікай хуткасці яго выкінула на прыдарожную алею. Атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму, акрамя таго, пералом пазваночніка ў двух месцах, левай ключыцы... Аперацыі, рэанімацыя. Тры месяцы быў без прытомнасці, блізкія прыходзілі ў бальніцу, каб з ім развітацца. І ўсё ж яму наканавана было выжыць. Сяргей лічыць, што дапамагла моцная спартыўная падрыхтоўка. У школьныя гады сур’ёзна займаўся цяжкай атлетыкай, трэніраваўся ў ДЮСШ у трэнера Ігара Лук’янца, меў першы дарослы разрад. У 16 гадоў стаў пераможцам чэмпіянату Беларусі, заваяваў залаты медаль.

Цэлы год ён правёў у бальніцах, доўга ляжаў у Мінску ў інстытуце траўматалогіі і артапедыі. І вось нарэшце вярнуўся дадому. «Пасадзілі мяне сваякі на ложак, а ў вачах – слёзы. «Такі ў цябе лёс!» – успамінае іх словы Сяргей, якому быў тады ўсяго 21 год. – Але я сказаў сабе: калі Бог пакінуў мне жыццё, значыць, гэта не проста так. А характар у мяне не такі, што буду сядзець на ложку і стагнаць. У суседкі ад мужа засталася каляска, яна аддала яе мне. А за 26 гадоў я з’ездзіў, можа, з дваццаць калясак. Ёсць і скутар на чатырох калёсах. Рукі моцныя, налаўчыўся праз бардзюры перабірацца, па прыступках з’язджаць».

Сяргей паказаў магчымасці сваёй цяперашняй каляскі актыўнага тыпу, дарэчы, беларускай вытворчасці. Пры дапамозе рычажкоў можна прыпадняць пярэднія колы, каб заехаць на той жа бардзюр. «Я без праблем увесь горад магу аб’ехаць», — запэўнівае субяседнік. Жыве ён на першым паверсе аднаго з дамоў па вуліцы імя Францішка Скарыны. Каб спусціцца да дзвярэй пад’езда з лесвічнага пралёта, карыстаецца спецыяльным драўляным насцілам, які па яго просьбе зрабілі з адкіднымі жалезнымі поручнямі. Гэта дае магчымасць спраўляцца з ім самастойна. Ля пад’езда — «Ака» з ручным кіраваннем, якую купіў сам, без дапамогі дзяржавы. Ездзіць на ёй не толькі па Беларусі, але і ў Вільнюс, Каўнас. «А што тут такога?» — паціскае плячыма. На маё пытанне, а раптам у дарозе зломіцца, ён толькі ўсміхаецца: «Што там можа зламацца? Я ўвесь механізм ведаю, напярэдадні паездкі правяраю». Здаецца, усё вельмі проста…

«Сябрую з усім светам»
«Аварыя зрабіла мяне асобай, навучыла цаніць жыццё, блізкіх, сяброў, спраўляцца з цяжкасцямі, якімі б непераадольнымі яны ні былі», — па-філасофску гаворыць мой субяседнік. Колькі давялося яму паабіваць парогаў кабінетаў, каб уступіць у жыллёва-будаўнічы кааператыў, атрымаць крэдыт, а затым бязвыплатную субсідыю. Гаворыць, што першым чыноўнікам, да каго звярнуўся, быў тагачасны намеснік старшыні гарвыканкама Яфім Ідэльчык. Ён уважліва выслухаў, унік у праблемы, не раз дапамагаў парадай і канкрэтнай справай. Знайшоў узаемаразуменне і з Мікалаем Шрымфам, які шмат гадоў курыруе спартыўную сферу. І цяпер звярнуўся да яго з ідэяй стварыць спартыўны клуб «Прамень» для інвалідаў, распрацаваў статут, іншую дакументацыю. «Мару арганізаваць прабег на калясках да Вілейкі, там аб’яднацца з мясцовымі інвалідамі і правесці разам некалькі дзён на турбазе.

Людзям з абмежаванымі магчымасцямі неабходна сустракацца, каб не закісаць у чатырох сценах». Дарэчы, Сяргей быў прызёрам рэспублікі па бегу на калясках на 100, 200 метраў, удзельнічаў у спаборніцтвах па кіданні ядра.
Ёсць у яго і прадпрымальніцкая жылка. Яшчэ да аварыі, у ліхія 90-я, ён ездзіў у Вільнюс па тавар, гандляваў ім. Вярнуўся да прадпрымальніцкай дзейнасці ўжо інвалідам, меў два кіёскі ў горадзе. Цяпер, праўда, яны закрыты. Аднак мой субяседнік не страчвае прысутнасці духу: «Ёсць іншыя цікавыя праекты!».

Гаворыць, што ў яго сябры ў многіх краінах свету. Яны гатовы прыняць яго не на тыдзень ці месяц, а нават на год. «Білет на самалёт ці цягнік па інтэрнэце заказаў, рукзак за плечы – і ў падарожжа», — як пра нешта зусім звычайнае, расказвае пра свае вандроўкі Сяргей. Ён больш за год жыў у Германіі, на год затрымаўся ў Бельгіі, быў у Аўстрыі, Галандыі, Польшчы. У Бельгіі і Германіі ўдалося прайсці абследаванне. Прапаноўвалі аперацыю, якая каштуе 70-80 тысяч еўра, а аднаўленчыя працэдуры пасля яе ў дзесяць разоў даражэйшыя. На жаль, сабраць такія сумы нерэальна.

Моўнага бар’еру Сяргей ніколі не баяўся, неабходны для турыста набор слоў на англійскай ці нямецкай мове ведае, па-польску наогул нядрэнна размаўляе. Гаворыць, што за мяжой для самастойных паездак інвалідаў праду-
гледжана ўсё. У цягніках ёсць спецыяльныя купэ, а калі трэба зрабіць перасадку, на пероне чакае супрацоўнік чыгункі, які дапамагае гэта зрабіць. «І ў нашых электрычках я не раз ездзіў, праўда, трэба чакаць, пакуль збярэцца натоўп і мяне занясуць у цягнік, а потым вынесуць», — не без гумару зазначае субяседнік.

Успамінае выпадак, як у Нюрнбергу адпраўляў праз мінскі аўтобус перадачу сваякам і сустрэў знаёмага з Маладзечна, з якім нядаўна бачыўся дома. «Ты ўжо тут?» – вельмі здзівіўся мужчына. «Я ўсюды!» — адпарыраваў яму Сяргей…

«13-е» – шчаслівая дата
Са сваёй жонкай Святланай Сяргей пазнаёміўся паўтара года таму. Яна мінчанка, маладзейшая за яго на пяць гадоў, мае дваіх дарослых дзяцей. З першага дня яны адчулі сімпатыю адзін да аднаго, якая паступова перарасла ў каханне. «Мая Света – цудоўная жанчына, яна прыгожая, разумная, гаспадарлівая. Але самае галоўнае – чулая і бескарыслівая. Я адчуваю сябе самым шчаслівым чалавекам побач з ёю», — не ўтойвае сваіх пачуццяў Сяргей.

Дарэчы, вопыт сямейнага жыцця ў яго быў, гэта другі шлюб. Распісалася пара сёлета ў Мінску 13 красавіка. Жылі ў сталіцы, вырашылі перабрацца ў Маладзечна, таму  цяпер Сяргей робіць рамонт у сваёй аднапакаёўцы. І ў час майго візіту там працаваў яго знаёмы Андрэй, увасабляў у жыццё цікавы праект гаспадара. Па задуме гэта будзе кватэра-студыя без дзвярэй, дзе ўсё да драбніц прадумана, каб Сяргею было зручна ў паўсядзённым жыцці. Ён добра гатуе, асабліва дранікі, развёў шмат кветак. У нішы адной са сцен – вельмі прыгожы акварыум, прадмет асаблівай гордасці гаспадара.

Застаецца толькі здзіўляцца, як усё гэта атрымліваецца ў чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. «Галоўнае – верыць у свае сілы і пастаянна рухацца наперад. І ні ў якім выпадку не шкадаваць сябе, не ныць. Жыццё нам даецца адзін раз, і ім трэба даражыць і разумець, што якім мы яго самі зробім, такім яно і будзе», — агучвае сваё крэда гэты незвычайны чалавек. Дзеліцца і планамі: хоча купіць участак у сельскай мясцовасці, паступова пабудаваць там дом, разводзіць сельскагаспадарчыя культуры, якія будуць карыстацца пастаянным попытам. Марыць ён і пра наследнікаў, спадзяецца, што абавязкова іх дачакаецца.

— Ведаеце, чаму я згадзіўся на сустрэчу з журналістам? Магчыма, мой расповед дапаможа паверыць у сябе людзям, у якіх таксама ёсць праблемы са здароўем, хто адчаяўся. Я буду гэтаму вельмі рады…

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.