Новости Молодечно и Молодечненского района

Сямейнае шчасце даражэйшае за брыльянты

  • 2023-10-03 09:12:57
  • Анжаліка Крупянькова

Чорна-белы здымак вяртае іх у той памятны дзень 15 верасня 1963 года. Вясёлая моладзь -- пераважна калегі з мэблевай фабрыкі. Гарманіст, без якога не абыходзілася ніводнае вяселле. І ў цэнтры ўсеагульнай увагі маладажоны: галава да галавы, прыгожыя, усмешлівыя…

Яны пазнаёміліся на мэблевай фабрыцы. Раман адслужыў у арміі ў Забайкаллі, працаваў электраманцёрам на авіязаводзе ў Іркуцку, ды вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Родам ён са знакамітай вёскі Мосар, з працавітай і дружнай сям’і, якой удзячны і за глыбокую веру ў Бога, і за непарушныя, правільныя жыццёвыя прынцыпы, і за любоў да беларускай мовы, добрае валоданне польскай. У Маладзечне ўладкаваліся сябры, услед за імі прыехаў і Раман, пайшоў на мэблевую фабрыку электраманцёрам.

Марыя працавала ўжо там сушыльшчыцай. Яна расіянка. У пачатку вайны яе бацька пайшоў на фронт, а маці з пяцярымі дзецьмі фашысты пагналі з Вялікіх Лукаў, што на Пскоўшчыне, на захад. Іх прыстанішчам стала вёска Вязынь у Вілейскім раёне, дзе і пасля Перамогі засталася, прыжылася іх сям’я. І ўжо адтуль Марыя паехала ў Маладзечна на работу.

-- Марыя была прыгожай, бялявай, добра размаўляла па-беларуску, што мне вельмі спадабалася. Я здзівіўся, што яна з рускай сям’і, -- прыгадвае маладыя гады Раман Браніслававіч.

Пасля сціплага вяселля яны нанялі пакой у Вялікім Сяле, жылі там, пакуль не атрымалі ўласную кватэру. Абодва пайшлі завочна вучыцца: Марыя ва ўлікова-планавы тэхнікум на эканаміста-бухгалтара, Раман -- у былы інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі на інжынера-электрыка. Па спецыяльнасці больш за 30 гадоў адпрацавалі на мэблевай фабрыцы. Як у сямейным жыцці, так і ў прафесіі яны адрозніваюцца зайздросным пастаянствам.

-- Калі жаніўся, даў сабе цвёрдую ўстаноўку: як бы адносіны з жонкай ні складваліся -- ні за што не дапушчу разводу, -- шчыра гаворыць Раман Браніслававіч.

На шчасце, з першых дзён паміж імі было ўзаемаразуменне, 60 гадоў пражылі душа ў душу. Абодва працавітыя, адказныя як на рабоце, так і ў сямейным жыцці. У кожнага свае захапленні. Раман Браніслававіч вельмі любіць літаратуру, перачытаў беларускіх, польскіх класікаў. Успамінае, як у часы савецкага дэфіцыту дзе толькі было магчыма даставаў кніжныя навінкі, гадамі выпісваў «Раман-газету», якую захоўвае і цяпер. Акрамя таго, ён быў заўзятым фотааматарам, рабіў не толькі цікавыя здымкі, але і слайды. З цягам часу з’явілася яшчэ адно хобі -- пчалярства. У Вязыні, куды ў апошнія гады поўнасцю перасяліліся з жонкай, у яго ёсць невялікі пчальнік. Ліпавы, грэцкі мёд, такі прыемны на смак, любяць і дзеці, і ўнукі.

Марыя Іванаўна ў маладыя гады шмат вышывала. Яе работы і цяпер упрыгожваюць дом. А яшчэ яна выдатная гаспадыня, клапатлівая жонка, маці, бабуля. З Раманам Браніслававічам яны выгадавалі дзвюх цудоўных дачок. Валянціна працуе ўрачом, Марына прадоўжыла сямейную дынастыю, яна вядучы інжынер-хімік на мэблевай фабрыцы. На гэтым прадпрыемстве працуе і яе муж Віктар. У Хацяловічаў трое ўнукаў, прычым адну ўнучку ў гонар бабулі назвалі Марыяй. Адзіны праўнук Адам сёлета пайшоў у першы клас.

Уся дружная сям’я сабралася на брыльянтавае вяселле. Вельмі чулліва прайшла цырымонія аднаўлення шлюбу ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вязыні. Раман Браніслававіч католік, Марыя Іванаўна праваслаўная, аднак веравызнанне не стала перашкодай для іх кахання.

-- Галоўнае ў сямейным жыцці -- разумець адзін аднаго, быць цярплівым, умець уступаць, ісці на кампрамісы, -- па-філасофску разважае Раман Браніслававіч. -- Сям’я -- гэта нялёгкая праца, якая патрабуе ад кожнага шчырасці, ахвярнасці, дабрыні. А яшчэ я лічу, што кожны мужчына павінен ставіць жанчыну вышэй за сябе, паважаць яе, цаніць яе штодзённую працу па доме, на кухні. Жаночыя рукі робяць наш дом утульным. Жаночае сэрца сагравае сям’ю, нібы сонца…

Выбраным сем’ям Гасподзь дорыць такое доўгае сумеснае жыццё. Трымаючы ў руках фотаздымак свайго вяселля, Раман і Марыя Хацяловічы нібыта перадаюць эстафету сваім нашчадкам, даюць наказ усім нам: «Беражыце сваё каханне, цаніце сваіх мужоў і жонак, шануйце сваю сям’ю. Бо гэта і ёсць найвялікшае шчасце, нашмат даражэйшае за золата і брыльянты».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў СЯМ’І ХАЦЯЛОВІЧ.