Новости Молодечно и Молодечненского района

Сямейны культурны падрад

  • 2025-08-24 07:00:00
  • Олег Беганский

Па меркаванні Паліны ЧУБАНАВАЙ, культура яднае народ з яго мінулым, дапамагае захоўваць гістарычную памяць, згуртоўвае людзей у агульную супольнасць. З гэтым магчыма толькі пагадзіцца!

Працуе Паліна Анатольеўна культарганізатарам у Радашковіцкім цэнтры культуры і адпачынку. Яе маці Таццяна Міхайлаўна – культарганізатар Чысцінскага СДК. Можна сказаць, перад намі сямейная працоўная дынастыя, прыклад пераемнасці пакаленняў.

– Нарадзілася я ў Чысці, закончыла мясцовую сярэднюю школу, – расказвае субяседніца. – Пасля дзявятага класа спрабавала паступіць у Маладзечанскую гімназію-каледж мастацтваў. Але не хапіла ўсяго 0,1 бала. Было крыўдна, аднак усё роўна вырашыла несці людзям веды і культуру.

Паліна паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Пасля яго заканчэння два гады працавала настаўніцай пачатковых класаў у Радашковіцкай сярэдняй школе №2. Набытыя веды і навыкі запатрабаваныя цяпер.

– Культура для мяне – гэта заўсёды пазітыўныя пачуцці і эмоцыі, – працягвае спецыяліст. – Асабліва захапляюся песеннай творчасцю. Яшчэ са школы ўдзельнічаю ў народным ансамблі народнай песні «Забудова». З выступленнямі пабывалі ў многіх месцах нашай краіны.

Асабліва ўразіў Паліну фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле», што ладзіўся ў Мядзельскім раёне. Тут быў прадстаўлены сапраўдны калейдаскоп твораў, касцюмаў, панаваў беларускі народны каларыт.

Яшчэ адна знакавая падзея для дзяўчыны – удзел у конкурсе «Міс Радашковічы-2023». Мерапрыемства дадало ўпэўненасці ў сабе, дазволіла яшчэ больш раскрыць свае таленты.

– Радашковічы – асаблівае месца ў Беларусі, – адзначыла Паліна Чубанава. – Яно прасякнутае гісторыяй. Тут узведзены прыгожыя храмы, жывуць добрыя людзі. Працаваць для іх – адно задавальненне! Трэба, каб землякі мелі магчымасць выдатна адпачыць, далучыцца да мастацтва, узбагаціцца духоўна. У нас усё для гэтага ёсць!

Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Паліны ЧУБАНАВАЙ