Новости Молодечно и Молодечненского района

Сустрэліся ў Лебедзеве воіны-інтэрнацыяналісты

  • 2019-02-22 08:17:19
  • Анжаліка Крупянькова

Мерапрыемства прайшло напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч уручыла юбілейныя медалі «30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана» Віктару Дуровічу з Маросек, Мікалаю Шчапанскаму з Турэц-Баяраў, Леаніду Бажко з Лебедзева, Сяргею Казлоўскаму з Маліноўшчыны. Не змог прыехаць на сустрэчу Ігар Сяўрук з Беніцы, яму таксама бу-
дзе ўручана гэта ўзнагарода.

Шмат слоў павагі і ўдзячнасці воінам-інтэрнацыяналістам прагучала ў гэты дзень.

— Я вырасла ў ваенным гарадку і ведала многіх, хто прайшоў праз Афганістан, — звярнулася да віноўнікаў урачыстасці дырэктар мясцовай школы мастацтваў Святлана Кулеш. — Памятаю, як мы ўсім гарадком перажывалі за іх, падтрымлівалі ў шпіталі, чакалі дадому. За 30 гадоў у былых воінаў загаіліся раны, а вось шрамы ў душах засталіся… Вы сапраўдныя мужчыны, на вашым прыкладзе мы выхоўваем юнае пакаленне. І жадаем толькі аднаго: каб сённяшнія хлопцы станавіліся мужнымі не такой цаной, каб яны не зведалі таго, праз што давялося прайсці вам…

А вось самі былыя воіны неахвотна дзяліліся ўспамінамі. І праз тры дзесяцігоддзі яны для іх занадта балючыя і цяжкія. Так і ідуць па жыцці з гэтай ношай, якую нікому не перадасі. І зразумець іх можа толькі той, хто сам быў на той вайне… Расказвалі, якое было спякотнае  надвор’е, якія раслі кветкі, дзе жылі, чым сілкаваліся. Але толькі не пра баявыя дзеянні… І фільмы пра Афганістан яны не могуць глядзець – усё там не так, як было ў рэальнасці.

Вучні Лебедзеўскай школы падрыхтавалі відэапрэзентацыю, прысвечаную Віктару Посаху, аднаму з першых загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў у нашым раёне. Ля ўвахода ў будынак школы змешчаная мемарыяльная дошка, прысвечаная яго памяці. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць земляка і ўсіх воінаў, якія навечна засталіся маладымі.

Фота: Алена ЯКІМОВІЧ.