Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ў Маладзечне, вучыўся ў сёмай школе. Ён з удзячнасцю ўспамінае выкладчыка хіміі Дзмітрыя Корсака. У час вучобы ў Мінскім медыцынскім інстытуце Аляксандра аднолькава цікавілі хірургія і паталагічная анатомія. Паўстала пытанне, які напрамак выбраць? Пасля доўгіх разважанняў «перамагла» экспертная сфера.
Аляксандр Квяткоўскі тры гады працаваў галоўным патолагаанатамам у Нясвіжскім раёне. Вярнуўся ў родны горад, у Маладзечанскім міжраённым аддзеле Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз працуе з дня яго стварэння.
— Работа вельмі патрэбная, — гаворыць спецыяліст. — Чым больш даследаванняў праводзіш, тым больш пазнаеш. Атрыманая інфармацыя дае магчымасць удасканальваць метады лячэння, ставіць дакладныя дыягназы. Не шкадую, што выбраў гэту прафесію.
Асноўная задача – правільная дыягностыка
Судовы эксперт падкрэсліў, што яго асноўная задача — устанавіць прычыну смерці чалавека, пацвердзіць наяўнасць тых ці іншых захворванняў. Калі чалавеку была нанесена траўма, неабходна вызначыць яе характар, час траўміравання, колькі чалавек пражыў з нанесенымі пашкоджаннямі і гэтак далей.
— З дапамогай сучаснага мікраскопа можна ўбачыць не толькі клеткі, але і больш мелкія структуры, — адзначыў Аляксандр Квяткоўскі. — Прыбор мае 200-кратнае павелічэнне. Вызначаюцца анкалогія, гепатыт, іншыя захворванні. Памылак дапусціць нельга. Ад нашай ацэнкі залежыць — будзе чалавек прыцягнуты да адказнасці або яго апраўдаюць.
Спецыяліст дадаў, што навука, у тым ліку гісталогія, пастаянна развіваецца.
Удасканальваюцца прыборы, укараняюцца новыя метады даследаванняў. Такім чынам, якасць і дакладнасць экспертных ацэнак павялічваюцца.
Адпачываць дапамагае творчасць
У практыцы Аляксандра Квяткоўскага бываюць розныя выпадкі. На жаль, сыходзяць з жыцця дзеці, маладыя людзі… У морг дастаўляюцца целы ахвяр злачынстваў або няшчасных выпадкаў. Тады працаваць асабліва цяжка псіхалагічна. І тут на першы план выходзіць прафесіяналізм, эмоцыі застаюцца ўбаку — яны не павінны паўплываць на экспертную ацэнку.
Псіхалагічнай разгрузцы дапамагае творчасць. Эксперт піша вершы, цікавіцца краязнаўствам.
— У апошнія гады павялічылася смяротнасць па прычыне сардэчна-сасудзiстых захворванняў, а таксама з-за злоўжывання алкаголем, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. — Паміраюць у тым ліку і людзі маладыя. Але моцнае здароўе можна захаваць да старасці. Для гэтага трэба весці здаровы лад жыцця, быць актыўным і пазітыўным. Увогуле, жыццё можа быць цікавым у любым узросце.
На фота -- Аляксандр Квяткоўскі разам з дзяржаўным медыцынскім судовым экспертам сектара судова-гісталагічных экспертыз Святланай Раздвіжновай.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.