45 гадоў аддала медыцыне
За адзінаццаць дзён да Новага года, 20 снежня, яна прымала віншаванні з векавым юбілеем. Прыемна, што ў гэты дзень у яе кватэру ў доме на вуліцы Багдана Хмяльніцкага з кветкамі і падарункамі завіталі не толькі сваякі, але і калегі, прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы, раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай арганізацыі ветэранаў.
— У нас былых работнікаў не бывае! Мы памятаем пра ўсіх! – адзначыў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва ЦРБ Іван Лужынскі, які ўручыў юбілярцы Ганаровую грамату, пажадаў здароўя і заўсёды адчуваць клопат і любоў блізкіх.
Да віншаванняў далучыўся, уручыў падарунак і Ганаровую грамату старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ЦРБ Андрэй Срэдаў.Юбілярка прымала віншаванні ад Івана Лужынскага і Андрэя Срэдава.
Адразу два тарты з лічбай «100» упрыгожылі святочны стол юбіляркі. Адзін з іх падарыла адказны сакратар раённай арганізацыі ветэранаў Святлана Маліноўская, другі – старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Алеся Калітнік і яе калега Вольга Абрамовіч. Безумоўна, акрамя тартоў былі і кветкі, падарункі.
Такую павагу Клаўдзія Фядотаўна заслужыла добрасумленнай працай, шчырымі адносінамі да людзей. 45 гадоў яна аддала медыцыне. Яшчэ да вайны закончыла курсы медсясцёр, працавала ў Доме дзіцяці ў Полацку. Успамінае, як разам з калегамі два месяцы на фурманках, грузавіках, на пароме праз Волгу, потым на цягніку везлі дзяцей у эвакуацыю ў Чувашыю. Гэта было вельмі цяжкае выпрабаванне: малышы хварэлі, сэрца разрывалася ад трывогі за іх. У тым, што ўсім да аднаго захавалі жыццё, а пасля эвакуацыі прывезлі на радзіму, ёсць заслуга і маладзенькай медсястры Клавы. Ад холаду, голаду і трывог яна стала дрэнна сябе адчуваць, сэрца дало збой. Урач Дома дзіцяці пасля агляду толькі сумна паківала галавой, маўляў, не жылец гэта дзяўчына… Дзякуй Богу, яе прагнозы не спраўдзіліся.Многія пацыенты з удзячнасцю ўспамінаюць медсястру фізкабінета паліклінік №1 і №2 Клаўдзію Юрэнка.
З 1954 года Клаўдзія Юрэнка жыве ў Маладзечне. Уладкавалася спачатку ў санчасць Міністэрства ўнутраных спраў, затым – у фізкабінет гарадской паліклінікі №2, якая знаходзілася на месцы цяперашняй дзіцячай стаматалогіі. Паспела папрацаваць і ў новай паліклініцы №1. Успамінае, як з калегамі адмывалі яе перад адкрыццём, як лёзамі ад брытваў адчышчалі вокны ад фарбы… Дарэчы, аднымі з першых павіншавалі Клаўдзію Фядотаўну ў дзень юбілею былыя калегі Хрысціна Яфімчык, Валянціна Міхасёнак, Валянціна Мінько. Раніцай з Гомеля патэлефанавала родная сястра Людміла Фядотаўна, таксама доўгажыхарка, якой споўніўся 91 год.Такой Клаўдзія Фядотаўна была ў маладыя гады.
Недарэмна кажуць, што прафесія медыка – гэта не проста работа, а лад жыцця. Былая медсястра і ў свае сто гадоў памятае назубок усе віды папулярных фізіяпрацэдур: электрафарэз, дарсанваль, парафінавы каўнер і многія іншыя. Клаўдзія Фядотаўна працавала яшчэ пяць гадоў пасля пенсіі. А парады, як захаваць здароўе, чым лячыцца, дае знаёмым і сёння. Галоўнае, лічыць яна, не перагружаць свой арганізм, даваць яму адпачываць, больш рухацца, не паліць нервы па дробязях. У сваім салідным узросце доўгажыхарка сама варыць супы ды кашы, іншыя стравы. Любіць паглядзець тэлевізар, пачытаць нашу газету, якую выпісвае шмат гадоў.
Стала другой мамай
У 47 гадоў жыццё Клаўдзіі Фядотаўны крута змянілася. Яна выйшла замуж за фельчара станцыі хуткай дапамогі Аляксандра Шыгалёва. Ён прайшоў дзве вайны – фінскую і Вялікую Айчынную, працаваў фельчарам у ваенных шпіталях, быў капітанам медыцынскай службы. Пасля смерці першай жонкі Аляксандр Мікітавіч застаўся з чацвярымі дзецьмі. Старэйшая Тамара была ўжо замужам, жыла ў Рызе, Алена вучылася на другім курсе музвучылішча, Гену было 13 гадоў, Валодзю – сем.
— Так склалася, што Клаўдзію Фядотаўну я з першага дня стала называць «цёцяй Клавай», а вось мае браты і нават старэйшая Тамара — мамай. Да ўсіх нас яна ставілася роўна, у яе не было любімчыкаў. Клапацілася, падтрымлівала нас і тату, за што ўсе мы ёй вельмі ўдзячныя. У вольную хвілінку любіла пасядзець за ручной швейнай машынкай, магла і сукенку пашыць. Была ў нас і дача ў Мароськах, любілі туды ездзіць, — гаворыць адна з дачок Алена Рамашкевіч.
Дзеці выраслі вельмі дастойнымі людзьмі. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі выдатнымі спецыялістамі. Тамара – настаўніца матэматыкі, на жаль, яна заўчасна пайшла з жыцця. Алена – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, амаль 40 гадоў працавала ў Нацыянальным акадэмічным народным хоры імя Генадзя Цітовіча, цяпер выкладае ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Музыкальныя здольнасці ёй перадаліся ад бацькі, які добра спяваў, асабліва любіў ваенныя песні. Генадзій жыве ў Маскве, закончыў фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працаваў намеснікам галоўнага канструктара на станкабудаўнічым заводзе. Уладзімір – урач-стаматолаг Заскавіцкай амбулаторыі. Клаўдзія Фядотаўна ганарыцца, што ў вялікай сям’і акрамя яе ёсць медыкі. Прафесію стаматолага выбралі ўнучкі Марыя і Яўгенія, а праўнучка Ганна, якая жыве ў Рызе, стала правізарам. Нельга не сказаць і пра тое, што ўнучка Марыя і праўнучкі Ганна і Анастасія закончылі школу з залатымі медалямі. Усяго ў юбіляркі шасцёра ўнукаў і дзясяцера праўнукаў.1979 год. Клаўдзія Фядотаўна, Аляксандр Мікітавіч з дзецьмі і ўнукамі.
Блізкія з вялікай павагай і ўдзячнасцю ставяцца да Клаўдзіі Фядотаўны. Яна знаходзіцца пад пастаяннай апекай малодшага сына Уладзіміра Аляксандравіча і яго жонкі Ірыны Анатольеўны. Дзеці, унукі прыязджаюць, тэлефануюць. Вось і ў гэты дзень было шмат цёплых слоў і добрых пажаданняў. А галоўныя з іх – і надалей заставацца такой жа аптымісткай, радавацца за сваіх блізкіх, з усмешкай і добрым настроем сустракаць свой 101-ы год жыцця і кожны новы дзень.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Алены РАМАШКЕВІЧ.