На вялікі жаль, нямнога ведае жыхар вёскі Крыніца Георгій Рудак пра свайго бацьку Віктара. Лёс склаўся так, што пасля вайны хлопец выхоўваўся ў Вілейскай школе-інтэрнаце. Гадаваць пяцярых дзяцей у сям’і, у якой бацька, вярнуўшыся з вайны, хварэў на туберкулёз, было вельмі цяжка. Не так часта сустракаліся і размаўлялі сын з бацькам. Цяпер, здаецца, ён лавіў бы кожнае яго слова. А потым роднага чалавека не стала. Ведае Георгій Віктаравіч, што нарадзіўся бацька ў 1923 годзе ў вёсцы Барсукі Вілейскага раёна. Вырас у сям’і, у якой былі браты Міхаіл, Сцяпан, Іосіф і сястра Зося. З добрымі адзнакамі закончыў сямігодку, працаваў у мясцовай гаспадарцы. У ваенны час быў прызваны Ільянскім райваенкаматам. Чырвонаармеец па-геройску змагаўся з ворагам, быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Ён дайшоў да Берліна. Вярнуўся дадому салдатам-пераможцам.
Нядаўна на сайце «Памяць народа» сям’я знайшла звесткі пра роднага чалавека. Імя Віктара Рудака значыцца ў загадзе ад 9 мая 1945 года па 1209-м гаўбічным артылерыйскім палку 60-й гаўбічнай артылерыйскай ордэна Кутузава брыгады дзеючай арміі. За ўзорнае выкананне заданняў камандавання на франтах барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленую пры гэтым доблесць і мужнасць ён узнагароджаны медалём «За адвагу».
У загадзе напісана: «Сувязіст 5 батальёна Віктар Паўлавіч Рудак пры прарыве абароны праціўніка 22 лютага 1945 года ў раёне мз Орданга пры мацнейшых артылерыйскіх налётах праціўніка выправіў да 15 парываў лініі сувязі, тым самым забяспечыў бесперабойную сувязь».
… Ён поўз пад бамбёжкай, адстрэльваўся з аўтамата. Два разы варожы снайпер збіваў з яго галавы каску. Здаралася, што траціў прытомнасць, развітваўся з жыццём. Але загад па аднаўленні сувязі быў выкананы. Фашысты апынуліся пад артылерыйскім агнём і вымушаны былі адступіць.
Мацярынскае сэрца
Вайна не шкадавала ні жанчын, ні дзяцей. Ставіла іх перад жорсткім жыццёвым выбарам. З пакалення ў пакаленне перадаецца сямейная гісторыя пра тое, як маці Георгія Віктаравіча Вользе Паўлаўне ў 1943 годзе разам з іншымі вяскоўцамі давялося хавацца ад немцаў у лясах паміж вёскамі Лукаўцом і Зачарной на Вілейшчыне. Аднойчы маленькі сынок Шурка моцна расплакаўся, і яго ніяк не ўдавалася супакоіць. Гэта было вельмі небяспечна – немцы маглі знайсці і расстраляць дарослых і малых. Раптам да маладой маці данеслася: «Яно загубіць усю вёску». Словы пажылой жанчыны зрабіць страшны выбар разанулі сэрца Вольгі. Яна загарнула свайго сыночка ў пінжачок і, заплакаўшы, пайшла з ім на руках у густы ельнік далей ад сваіх. Людзі сталі моўчкі разыходзіцца і ўладкоўвацца на начлег. Прайшло некалькі дзён. Немцы адступалі пад націскам савецкіх войск. Калі небяспека мінула, Вольга сустрэлася з аднавяскоўцамі. Галоўнае, што ўсе выжылі.
… Бацькі Георгія Рудака годна прайшлі свой жыццёвы шлях. Пахаваныя яны ў Вілейскім раёне ля вёскі Забар’е.
Прыязджаюць на могілкі сваякі. Не забываюць родных людзей, якім быў наканаваны няпросты лёс.
У сямейных традыцыях гэтай сям’і — ушанаванне памяці аб героях вайны. Вось і сёлета Георгій Віктаравіч разам з дачкой Наталляй, якая працуе настаўніцай у СШ №4 Маладзечна, а таксама ўнукамі Сямёнам і Машай 9 мая ўсклалі жывыя кветкі да помнікаў і абеліскаў. Яны наведалі памятныя месцы ў Красным, Мясаце, Аксакаўшчыне, Загорскім. Адправіліся ў шлях на савецкім аўтамабілі ГАЗ-69 выпуску сярэдзіны пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Георгій Віктаравіч, які ўсё жыццё працуе вадзіцелем, сабраў на сваім падворку аўтапарк рарытэтаў. На адрэстаўрыраваным «газіку» раней яны ездзілі на «Лінію Сталіна». І цяпер «дэсант» у салдацкіх гімнасцёрках прыцягваў увагу людзей. Многія фатаграфавалі іх на мабільныя тэлефоны. У сямейным архіве нашых герояў таксама засталіся цікавыя фотаздымкі.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, сямейны архіў