Новости Молодечно и Молодечненского района

Союз поляков на Беларуси отметил 25-летие

  • 2018-10-24 07:21:12
  • Ірына Рабушка



У фае цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна размясцілася тэматычная выстаўка літаратуры і мастацкіх вырабаў, а ў прасторнай глядацкай зале не было свабодных месцаў. Госці з здавальненнем пакідалі віншаванні і пажаданні віноўнікам урачыстасці. Дарэчы, адзначаліся ў той дзень дзве па-
дзеі — 25-годдзе ўтварэння Маладзечанскага гарадскога аддзела ГА «Саюз палякаў на Беларусі» і 30-годдзе самога аб’яднання.

Было заўважана, што гэта самая шматлікая дыяспара ў сталічным рэгіёне. Беларускія палякі цікавяцца і прапагандуюць гісторыю і культуру сваіх продкаў і пры гэтым з глыбокай павагай ставяцца да традыцый іншых народаў. Першым старшынёй гарадскога аддзела быў Чэслаў Іадкоўскі, пазней яго ўзначальвалі Ірына Бажко, Галіна Юрпалава, Ірына Канікайнен, Антаніна Святоха. Кожны з іх вёў актыўную і творчую дзейнасць, спрыяў захаванню і развіццю польскай культуры, мовы. Цяпер аддзелам кіруе Тамара Абрамовіч, якая з прывітальным словам звярнулася да прысутных.

Маладзечанскія палякі актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах аб’яднання не толькі ў межах раёна, вобласці, але і краіны. У святочны вечар гучалі шматлікія пажаданні на рускай, беларускай, украінскай і польскай мовах. Галоўны іх сэнс быў адзіным — каб у нашай дружалюбнай краіне ў міры і згодзе жылі людзі розных нацыянальнасцей.  

Сярод ганаровых гасцей урачыстасці былі намеснік старшыні рэспубліканскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Станіслаў Бурачэўскі, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Ахполава. Таксама на свята запрасілі прадстаўнікоў іншых маладзечанскіх дыяспар — украінцаў, грэкаў, расіян. Пад гучныя апладысменты адзначылі актывістаў гарадскога аддзела Саюза палякаў, уручылі ім граматы і прэзенты.

Шмат гаварылася пра моладзь, якая апошнім часам актыўна папаўняе суполку. Таленавітыя юнакі і дзяўчаты заўсёды шукаюць новыя шляхі для самарэалізацыі і натхняюць цікавымі ідэямі іншых.
Творчыя падарункі ўсім прысутным падрыхтавалі прадстаўнікі дыяспары. Самым юным удзельнікам стаў 9-гадовы Глеб Цанцавіцкі. У святочны вечар гучалі не толькі мовы славянскіх народаў. Юлія Абрамовіч, Лізавета Сянько і Таццяна Цанцавіцкая спявалі і па-французску. Гэта яшчэ раз даказвае, што палякі вельмі дапытлівы народ, яго цікавіць не толькі свая культура, але і замежных краін.

Выступленнямі парадавалі народнае клубнае аб’яднанне ветэранаў вайны і працы «Адпачынак», народны вакальны ансамбль «Менестрэлі», узорны харэаграфічны ансамбль «ВіЗаВі» Палаца культуры, іншыя калектывы і сольныя выканаўцы. Віншавальную паштоўку з песнямі і байкамі падарылі ўдзельнікі культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў «Краяны».

Беларусь сапраўды стала родным домам для прадстаўнікоў многіх нацыянальнасцей, якія жывуць у адзіным творчым асяроддзі і добра разумеюць, што ўсе мы розныя, але цікавыя адзін аднаму.