18 кастрычніка адзначыла 100-годдзе яшчэ адна жыхарка раёна Надзея Саковіч з вёскі Уша Красненскага сельсавета.
Па добрай традыцыі, разам з блізкімі Надзею Іларыёнаўну павіншавалі прадстаўнікі Маладзечанскага РТЦСАН: інспектары па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Алеся Калітнік і Святлана Кабушава. Са шчырымі пажаданнямі здароўя і дабрабыту яны ўручылі юбілярцы кветкі, цёплы ўтульны плед -- падарунак ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, а таксама імянінны торт з надпісам «100 год» ад раённага савета ветэранаў.
Дзед Надзеі пражыў 102 гады
Надзея Іларыёнаўна жыве разам з сынам Георгіем Іванавічам і нявесткай Раісай Мікалаеўнай. Дапамагае ім даглядаць маці, пастаянна прыязджае з Мінска і дачка юбіляркі Маргарыта Іванаўна.
-- А ці былі ў вашым родзе яшчэ доўгажыхары? -- пытаюся ў брата і сястры.
-- Так, дзед нашай мамы Пётр Міхалоўскі пражыў 102 гады. Магчыма, і больш пражыў бы, але пайшоў карміць каня, а той разбуяніўся, прыціснуў дзеда да сцяны, ад траўм ён памёр, -- расказваюць субяседнікі.
Надзея Іларыёнаўна ўсё жыццё правяла ў роднай вёсцы Уша, што раскінулася ўздоўж чыгуначнага палатна за тры кіламетры ад Аляхновічаў. Да прыпынку Баяры адсюль 700 метраў. Бацька жанчыны служыў на чыгунцы пуцейскім рабочым. У Надзеі былі тры сястры і брат Аляксей, які загінуў у Вялікую Айчынную. Надзея па тым часе была адукаванай, закончыла чатыры класы польскай школы. А ўжо дарослай сама навучылася чытаць і пісаць на рускай, беларускай мовах.
У 1947 годзе яна выйшла замуж за старэйшага на пяць гадоў Івана Саковіча з вёскі Такарэўшчына. Іван Іванавіч -- франтавік, мужны аўтаматчык, удзельнік Вялікай Айчыннай, а таксама вайны з мілітарысцкай Японіяй.
-- Тату як прызвалі ў армію ў 1939 годзе, дык дадому ён вярнуўся толькі у 1946-м, -- расказвае сын.
На вялікі жаль, Іван Саковіч пайшоў з жыцця ў 1990 годзе. Дзеці захоўваюць яго баявыя ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, два медалі «За адвагу», медаль «За ўзяцце Кёнігсберга» і іншыя.
Надзея Іларыёнаўна, як і многія вясковыя жанчыны, працавала ў калгасе паляводам. Іван Іванавіч таксама быў паляводам, пазней кладаўшчыком, кавалём. Увіхаліся і на сваёй сядзібе, трымалі вялікую гаспадарку, у якой былі дзве каровы, свінні, куры. У 1959 годзе яны пабудавалі новы дом на ўчастку бацькоў Надзеі, які цяпер ужо добраўпарадкуюць іх дзеці.
«Суседскія дзеці прасілі: прынясі хлеба сваёй мамы»
-- Раней у нас палову кухні займала руская печ, мама ў ёй хлеб на кляновых лістах пякла. І цяпер памятаю яго водар! Суседскія дзяўчынкі ў мяне прасілі прынесці гэтага хлеба, настолькі ён быў смачны! -- дзеліцца ўспамінамі дзяцінства Георгій Іванавіч.
А Маргарыта Іванаўна расказвае, што матуля мае прыгожы голас, нават спявала ў царкоўным хоры, пакуль не знеслі царкву, што знаходзілася на мясцовых могілках. Цяпер Надзею Іларыёнаўну падводзіць слых, а раней яна любіла глядзець па тэлевізары канцэрты, ведала многіх выканаўцаў.
-- Чаму навучыла вас мама? За што вы ёй удзячныя? -- спытала ў дзяцей паважанай юбіляркі.
-- Працавітасці, павазе да людзей, адказнасці за сваю сям’ю. Мы ўдзячныя бацькам, што яны падтрымлівалі нас у вучобе, дапамаглі атрымаць добрыя прафесіі, -- гавораць брат і сястра.
Цяпер яны абодва на пенсіі. Георгій Іванавіч шмат гадоў працаваў у Маладзечанскім БТІ інжынерам, Маргарыта Іванаўна -- тэхнолагам на Мінскім трактарным заводзе. Ганарацца ў сям’і Саковічаў і тым, што адзіная ўнучка Надзеі Іларыёнаўны Кацярына -- кандыдат гістарычных навук.
Павагу да гісторыі свайго роду дзеці перанялі ад бацькоў. Яны збераглі, добраўпарадкавалі родны дом, захавалі ўнікальныя здымкі, бацькавы ўзнагароды, ведаюць, як звалі іх прадзедаў, і ганарацца імі. Гэта і ёсць бясцэнныя сямейныя рэліквіі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне і дапамагаюць зразумець, якія глыбокія карані трымаюць кожнага з нас на роднай зямлі.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І САКОВІЧ.