Чым бліжэй 1 верасня, тым больш здзіўлення на тварах многіх маіх знаёмых. Лета хутка скончыцца. А ці было яно?
Гэты год сапраўды здзіўляе сваёй непрадказальнасцю. Зіма, якая нагадвала раннюю вясну, лета, якое нагадвала восень. Некаторыя наракаюць на змену клімату. Для іншых такое надвор’е проста выпадковасць.
Як бы там ні было, але планы на пляжны адпачынак на мясцовых вадаёмах у многіх праваліліся. Па сонца нашы землякі ездзілі ў паўднёвыя краіны. Частыя дажджы крыху азмрочылі настрой аматараў пешых і велападарожжаў. Менавіта цёплы сезон адкрываў для іх максімальныя магчымасці. Агароднікі і садаводы таксама не ў захапленні ад гэтага лета. Павышаная экспансія пустазелля заняла пэўны час, што прызначаўся на дачны адпачынак.
Затое зорны момант настаў для грыбнікоў. Такога ўраджаю лісічак і іншых падданых грыбнога царства не прыгадваюць нават старажылы. Дары лесу прадаюцца на рынку і спецыяльных пляцоўках. Павышаная прапанова задавольвае павышаны попыт. Ціхае паляванне перажывае сапраўдны ўздым.
У любым выпадку ўжо цяпер можна падводзіць вынікі лета. Самы галоўны з іх: як і заўсёды, яно прайшло хутка. А перыяд летніх водпускаў дадаў людзям сіл і энергіі.
Аднак галоўны крытэрый, па якім можна меркаваць пра поспех таго або іншага перыяду – наша ўспрыманне падзей. Яно цалкам суб’ектыўнае. Тыя, у каго на лета былі завышаныя чаканні, расчараваныя. Хто ўспрымае свет такім, які ён ёсць, – задаволены. І гэта не дзіўна, бо тры летнія месяцы не прайшлі бясследна. Новыя знаёмыя, эмоцыі, падзеі дапоўнілі жыццёвы багаж. І гэта асноўнае, што можна сказаць пра летуценнае лета.
Алег БЯГАНСКІ