Адразу два тарты з сімвалічным надпісам «100 год» падарылі 12 сакавіка жыхарцы аграгарадка Аляхновічы Юліі Мяцеліца. Менавіта ў гэты дзень яна адзначыла свой векавы юбілей. Адзін торт, упрыгожаны жоўтымі цюльпанамі, уручыла старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Шафаловіч. Другі, на якім квітнелі чырвоныя макі, заказалі сваякі. З віншаваннямі і падарункамі завіталі да юбіляркі загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Аляшкевіч, інспектар па асноўнай дзейнасці, старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын РТЦСАН Алеся Калітнік.
На зіму Юлію Юльянаўну за-бірае да сябе дачка Тамара Вашкевіч, якая жыве ў Мала-дзечне. У яе ўтульнай кватэры і ўшаноўвалі стогадовую юбілярку. Радня ў яе вялікая і вельмі дружная. І доўгажыхары ў іх ро-дзе былі: Яўгенія Кулік, родная сястра Юліі, дажыла да 96 гадоў.
Родам Юлія Мяцеліца з вёскі Карсаковічы, што за шэсць кіламетраў ад Аляхновіч. Калі выйшла замуж за Рыгора Мяцеліцу, жылі з ім на хутары, дзе ён яшчэ да жаніцьбы пабудаваў дом. Там перажылі фашысцкую акупацыю, там нарадзіліся іх дзеці Віктар, Леанід і Тамара. Калі пачалася калектывізацыя, хутаран сталі перасяляць у вёскі. Давялося Рыгору Мікалаевічу будаваць яшчэ адзін дом на вуліцы Зарэчнай у Аляхно-вічах. Ён, дарэчы, быў інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, у мірны час працаваў будаўніком, разам з аднавяскоўцамі ўзводзіў у сваёй вёсцы дамы, стары клуб, іншыя пабудовы. Юлія Юльянаўна нейкі час была паляводам, а потым шмат гадоў ад’ездзіла ў Мінск, працавала ў трэсце зялёных насаджэнняў, азеляняла, упрыгожвала кветкамі сталіцу. І цяпер растуць, радуюць людзей дрэвы, якія яна садзіла.
Пры Польшчы яна закончыла пяць класаў, любіла чытаць царкоўныя кнігі, пакуль зрок не пагоршыўся. Старэйшыя непісьменныя суседкі часта прасілі ў яе заказаць ім газ, дапамагчы ў вырашэнні іншых гаспадарчых спраў. І яна нікому не адмаўляла. Блізкія расказваюць, што Юлія Юльянаўна была весялухай, любіла спяваць, танцаваць на вясковых вяселлях, іншых святах.
Гады бяруць сваё: пагоршы-ліся слых і зрок, іншы раз падводзіць памяць. І хадзіць ужо няпроста: дачка і пляменніца дапамаглі дайсці да святочнага стала, пасадзілі на самае ганаровае месца. «Ногі не баляць, а хадзіць не магу», — скардзіцца доўгажыхарка. Але, па вялікім рахунку, здароўе яе не падво-дзіла. Дачка расказвае, што за цэлы век маці ні разу не ляжала ў бальніцы.
— А ведаеце, у чым сакрэт яе здароўя? – падключаецца да размовы ўнучка Святлана Ма-лішэўская, якая прыехала па-віншаваць бабулю з Мінска. – Колькі яе памятаю, яна вельмі мала ела. Нам, унукам, поўныя талеркі накладзе, а сама лыжачку-другую закіне ў рот — і зноў за работу.
Між тым гатавала Юлія Юльянаўна смачна і заўсёды была вельмі гасціннай: хто б у хату ні зайшоў — за стол пасадзіць, пачастуе. Пляменніца Вольга Буслаўская, якая разам з сёстрамі Таццянай Тамашэвіч і Тамарай Палагонскай таксама віншавала юбілярку, успамінае, як цёця Юля часцяком ім гаварыла, калі заходзілі да яе па дарозе з Аляхновіцкай школы ў свае Карсаковічы: «Ешце бліны, яны за засланкай у печы стаяць!». А бліны былі бульбяныя, з маслам – вельмі смачныя. А ў цёмнай верандзе заўсёды віселі пасоленыя і закручаныя ў марлю паляндвіцы. Яе апетытныя каўбасы, падсушаныя ў печы сыры дзеці і ўнукі ўспамінаюць і сёння…
— Мама выдатная гаспадыня і вялікая працаўніца. І нас да работы змалку прывучыла, — з любоўю і ўдзячнасцю гаворыць дачка. – Гаспадарка ў нас была вялікая: карову, свіней трымалі, бычкоў гадавалі – усё сваё мелі. Зімовымі вечарамі мама яшчэ і вязаць паспявала: мы яе цёплыя світары, камізэлькі, рука-віцы, шкарпэткі насілі.
— Агарод таксама немалы садзілі. Памятаю, адной капусты 200 штук вырошчвалі, — успамінае нявестка Ала Мяцеліца і расказвае, што з мужам Віктарам (на вялікі жаль, ён заўчасна пайшоў з жыцця) сем гадоў дружна жылі з яго бацькамі, пакуль не пераехалі ў Мінск.
Сярэдні сын Леанід таксама жыве ў Мінску, прысвяціў жыццё ваеннай службе, ён палкоўнік. Тамара працавала ў Мінску тэлеграфісткай на Беларускай чыгунцы, у Маладзечне да выхаду на пенсію была кладаў-шчыцай у лакаматыўным дэпо. У юбіляркі чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў.
— Чаму навучыла вас матуля? – пытаюся ў Тамары Рыгораўны.
— З павагай ставіцца да лю-дзей. Мама ні пра каго дрэннага слова не сказала, усім старалася дапамагаць. Суседкі ўвесь час прыходзілі да яе на вячоркі. Пячэнне, цукеркі ў яе ніколі не затрымліваліся: любіла сваіх сябровак-бабулек пачаставаць.
А ў гэты адметны дзень дачка частавала шматлікіх гасцей. Традыцыі дружнай сям’і працягваюцца. А заснавала іх бабуля Юля. Калі глядзіш на яе, верыш: дажыць да ста гадоў рэальна. Сакрэт вельмі просты: трэба любіць людзей, не цурацца фізічнай працы і менш есці…
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.