У сярэдняй школе № 9 традыцыі пераплятаюцца з сучаснымі падыходамі да навучання, ствараючы ўнікальнае асяроддзе для развіцця асобы. Школа – гэта дом, дзе здзяйсняюцца мары, дзе вучні становяцца творцамі сваёй будучыні. У такіх сценах пачынаецца шлях да ведаў, любові да роднай мовы і культуры, што назаўсёды застаецца ў сэрцах тых, хто тут вучыўся.
У СШ № 9 прафесійны шлях пачынае малады спецыяліст настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алеся Бахун. З дыпломам у руках і поўным энтузіязму сэрцам, яна вярнулася ў школу, дзе некалі вучылася сама. Яе мара – натхніць новае пакаленне на любоў да роднай мовы, літаратуры і культуры, перадаць ім багацце беларускага пісьменства і глыбіню традыцый.
Дзяўчына закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «беларуская філалогія». Яе выбар прафесіі не выпадковасць – з юных гадоў Алеся брала прыклад са сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыі Талапіла. Яе метады і тэхнікі выкладання зачаравалі дзяўчыну і захапілі роднай мовай.
– Алеся, раскажыце пра ўніверсітэцкія гады?
– Вучоба праходзіла выдатна: новыя знаёмствы, якія ў далейшым перараслі ў трывалае жаночае сяброўства, высокі ўзровень выкладання мовы, высокакваліфікаваныя выкладчыкі, мноства цікавых мерапрыемстваў – усё гэта адзін цудоўны ўспамін.
– А як склаліся ўзаемаадносіны з вучнямі і класнае кіраўніцтва?
– У мяне цудоўны клас! 28 самых лепшых вучняў 5 «Б». Спачатку крыху перажывала, думала, што дзеці яшчэ малыя, але з часам сталі прыцірацца адзін да аднаго, вучні сталі бліжэй да мяне. Класнае кіраўніцтва мне ў радасць, толькі папяровай работы вельмі шмат.
З бацькамі вучняў у маладога спецыяліста склаліся добрыя адносіны. Яны адказныя, праяўляюць клопат, павагу. З калегамі рабочы працэс наладжаны яшчэ з гадоў навучання.
– У школе я была даволі актыўнай, удзельнічала ў розных мерапрыемствах, ведала ўсіх. Дзякуючы гэтаму прыйшла ў знаёмы мне калектыў, дзе да мяне і іншых маладых спецыялістаў добра ставяцца. Спачатку перажывала, што мяне будуць бачыць той вучаніцай, якая рабіла дамашнія заданні і адказвала на ўроках. Рада, што гэта не так.
– А як справы з беларускай мовай у дзяцей?
– У рабоце з дзецьмі адразу вызначыла: на кожны ўрок трэба прыходзіць падрыхтаваным. Асноўная праблема ў тым, што ў жыцці дзеці не карыстаюцца беларускай мовай. Але на ўроку размаўляць трэба. Галоўнае, што вучні разумеюць: беларуская мова – самае вялікае багацце нашага народа.
– Што самае прыемнае для вас у рабоце з дзецьмі?
– Бачыць іх шчырыя эмоцыі і радасць ад працэсу навучання. Кожны раз, калі вучні разумеюць нешта новае ці робяць поспехі, адчуваю вялізную задаволенасць. Іх цікаўнасць і жаданне адкрываць свет літаратуры і мовы натхняюць мяне. Таксама мне падабаецца назіраць, як яны растуць і развіваюцца, як становяцца больш упэўненымі ў сабе. Лічу, што работа з дзецьмі – гэта не толькі перадача ведаў, але і стварэнне асаблівай атмасферы даверу і падтрымкі, дзе кожны можа адчуць сябе важным і пачутым.
Тэкст і фота: Дзіяна ЗЕЛЯНКО