Новости Молодечно и Молодечненского района

Семья из Чисти воспитала 26 детей

  • 2020-01-15 08:53:03
  • Ірына Рабушка

Адкрый сэрца дабрыні

…У свой час Раіса і Казімір пазнаёміліся ў Чысці, дзе працавалі на мясцовай вытворчасці «Забудова».

— Не ведаю, ці была прыгожай мая прапанова рукі і сэрца, але нашай сям’ёй мы задаволеныя, хоць і давялося многае перажыць, — гаворыць Казімір.
Нягледзячы на хворае сэрца Раісы, Макеі заўсёды марылі пра вялікую дружную сям’ю і верылі, што так яно і будзе. Спачатку нябёсы падарылі ім Аляксея, якому цяпер 22 гады. Ён ужо жыве самастойна ў родным пасёлку і, як сказалі бацькі, таксама марыць пра вялікую сям’ю.

Макеі ведаюць, якое шчасце мець братоў і сясцёр. У Казімі-ра трое братоў і сястра, у Раісы дзве сястры. Рашэнне стаць бацькамі-выхавальнікамі дома сямейнага тыпу яны выношвалі не адзін год. Калі Лёшу (гэта адзіны біялагічны сын) споўнілася восем, удачарылі чатырохгадовую Вікторыю, а неўзабаве і чатырохгадовую Варвару. Цяпер у доме дзясяцера дзяцей, для васьмярых Раіса і Казімір з’яўляюцца бацькамі-выхавальнікамі.

Яны ніколі не дзеляць дзяцей на сваіх і чужых і ўвогуле дом сямейнага тыпу не лічаць месцам работы.
— Мне неаднойчы даводзілася адчуваць людское непаразуменне і нават пагарду, — расказвае Раіса. – Але кожнаму сваё… Мы пабудавалі сям’ю, пра якую марылі з самага пачатку. Ведаю, што ёсць людзі, якія не могуць рашыцца на прыёмнае дзіця. Я пераканана: усё па сілах, калі сэрца адкрыта дабрыні.

— Хто ж галоўны ў вашым дружным калектыве? – цікаўлюся ў іх.
— Тата! Тата! – наперабой за-шчабяталі дзеці.
— А мама «руліць»! – з усмешкай дадаў галава сям’і.
Асабліва значнае для Макеяў Божае слова. Усе разам яны наведваюць у пасёлку царкву ў імя свяціцеля Мікалая Цуда-творцы. З малітвамі і пропаве-дзямі прыходзяць прадстаўнікі гэтага храма і да іх дамоў.

Сапраўднае шчасце

Бацькі выхоўваюць дзяцей найперш уласным прыкладам – паважлівымі адносінамі адзін да аднаго і ўвогуле да людзей і свету, добрасумленнай работай.
Справамі па доме і ў агародзе займаюцца дружнай талакой. Каб сынам і дочкам было весялей гаспадарыць, Раіса і Казімір дзіўным чынам ператвараюць клопаты ў гульні.
Абсалютна ў кожнага ёсць і хобі — музыка, маляванне, спорт. Пра сваіх сыноў і дачок бацькі могуць расказваць ледзь не бясконца. Яны імкнуцца развіваць дзяцей у розных кірунках і дапамагаюць спалучаць захапленні з вучобай у школе.

— У нас ужо ўсе дарослыя! Вучацца ў Чысці і Красным, — расказвае Казімір. – Падлічыў, што нашай маме даводзіцца «сумяшчаць» аж 15 прафесій! Яна ў нас выхавальніца, настаўніца, повар, швачка, цырульніца… — гаворыць Казімір пра сваю Раісу.

— А якая «прафесія» для вас найбольш складаная? – удакладняю ў жанчыны.
— Псіхолаг. Да нас прыходзяць дзеці, якія, нягледзячы нават на зусім юны ўзрост, перажылі больш, чым многія дарослыя. Вельмі не проста знайсці падыход да пакрыўджаных лёсам малышоў і загаіць іх раны, — тлумачыць Раіса.

— Адагрэць сэрца могуць толькі любоў і ўвага, — дадае Казімір. – Калі дзеці пачынаюць называць нас мамай і татам, гэта сапраўднае пачуццё шчасця.
Дапамагаюць бацькі падтрымліваць ім і роднасныя сувязі, калі гэта магчыма. Напрыклад, у некаторых ёсць бабулі ці іншыя сваякі, якія з-за ўзросту ці здароўя не могуць займацца іх выхаваннем.

Чараўнікі сярод нас

Раіса і Казімір з задавальненнем расказалі і пра ўласныя хобі. У галавы сям’і іх не пералічыць! Апошнім часам асабліва захапляецца пчалярствам, разводзіць в’етнамскіх свіней, любіць штосьці майстраваць сваімі рукамі.

— А летам мы ўсёй сям’ёй на лугах збіраем розныя травы для чаю. Ён і для здароўя больш карысны, і час цікава бавім разам. Да таго ж грошы эканомяцца — па маіх падліках, да 800 рублёў за год, — зазначае Казімір.

Разам з Раісай яму падабаецца добраўпарадкоўваць дом, прысядзібны ўчастак. Хаця муж прафесійны слесар-рамонтнік, пры-слухоўваецца і да «будаўнічых» парад жонкі.
Як былы маляр, яна дае іх з веданнем справы.

У вольныя хвіліны захавальніца сямейнага ачага займаецца рукадзеллем.

— Ці даяце сваёй жонцы «выхадны» і ці не баіцеся заставацца з дзецьмі адзін? – пытаюся ў Казіміра.

— Мне і самому падабаецца, калі жонка сходзіць у цырульню! Жанчына павінна даглядаць сябе, – адказвае ён. — З дзецьмі тым часам спраўляюся. Хаця для нас дваіх сыны і дочкі гэта не толькі клопаты, але і вялікая радасць. Хіба ад яе можна стаміцца?!

Раіса любіць радаваць дамачадцаў смачнымі стравамі. Нават падзялілася рэцэптам пячэння і запэўніла, што больш смачнага ласунку за яго не бывае.

— А кожная наша раніца пачынаецца з малочнай кашы. Дзеці вельмі любяць снедаць ёю. Адразу чатыры літры вару. Альбо пяку бліны – стос атрымліваецца таўшчынёй сантыметраў 30, — заўважае Раіса.

Яе стравы помняць і тыя, хто ўжо вылецеў з-пад бацькоўскага крыла. Яны не забываюць праведваць Раісу і Казіміра, дасылаюць ім электронныя па-сланні. Са светлым сумам прыгадваюць у іх сямейныя паходы, як манціравалі «кіно» на чарговую гадавіну вяселля бацькоў і як з першым снегам пісалі пісьмы Дзеду Марозу, а той неўзабаве ажыццяўляў усе іх жаданні. Гэта потым ужо, пасталеўшы, яны зразумелі, што галоўнымі чараўнікамі іх жыцця сталі мама Раіса і тата Казімір.
***
У рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» выхаванцам дома сямейнага тыпу салодкія падарункі ўручылі першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Раманюк, кіраўнік спраў райвыканкама Таццяна Ліхадзіеўская, начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення па адукацыі Галіна Харытон. Бацькам падарылі сімвалічны сямейны абярэг.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.