Новости Молодечно и Молодечненского района

Семейный капитал оформили почти 500 молодечненцев

  • 2017-05-09 11:40:55
  • Алена Лашук

Такая доўгатэрміновая дапамога ў памеры 10 тысяч долараў выдзяляецца сем’ям, у якіх нарадзілася трэцяе і наступнае дзіця. Дзейнічае яна з 1 студзеня 2015 года і разлічана на пяць гадоў — да 31 снежня 2019-га.

Як зазначыла начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Прохарчык, падтрымка аказваецца і тады, калі сям’я ўдачарыла ці ўсынавіла трэцяе і наступнае дзіця, якое нарадзілася 1 студзеня 2015 года і пазней. А вось атрымаць сямейны капітал можна толькі раз. Заявы аб яго прызначэнні накіроўваюцца ў райвыканкам, дзе разглядаюцца на працягу месяца.  

На 1 красавіка ў раёне сямейны капітал атрымалі 476 жыхароў, у тым ліку за першы квартал сёлета – 35, паведаміла Алена Мікалаеўна.

Калі прасачыць дынаміку выдачы дзяржаўнай дапамогі, то самым шчодрым быў мінулы год – 243 дэпазітныя рахункі адкрыты ў ААТ «ААБ Беларусбанк». Дарэчы, 460 дэпазітных рахункаў адкрыта на матуль і 16 — на татаў, бо жанчыны не мелі беларускага грамадзянства (па законе падтрымку могуць атрымаць толькі грамадзяне Беларусі, якія пастаянна жывуць у краіне).

Сямейны капітал можна накіраваць на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання і медыцыны, фарміравання накапляльнай пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і і бацькі ў няпоўнай. У раёне пакуль такіх прыкладаў няма.

У краіне на 1 красавіка адкрыта 34787 дэпазітных рахункаў у ААТ «ААБ Беларусбанк» на сямейны капітал на агульную суму амаль 350 мільёнаў долараў. У 2015 годзе былі адкрыты 11582 дэпазіты, у 2016-м — 18983, у студзені-красавіку сёлета — 4372 дэпазітныя рахункі.