Папоўшчына знаходзіцца на высокім узгорку ў атачэнні прыгожых лясных масіваў. Сама вёска невялікая: больш за дзясятак хатніх гаспадарак, 25 жыхароў. Пры гэтым людзі тут жывуць паўнавартасным жыццём, сябруюць, будуюць планы, разам адзначаюць святы.
Усе сябры і знаёмыя
Уводную інфармацыю пра Папоўшчыну дала стараста вёскі Вера Зянько. Яна пераехала сюды ў 1992 годзе. Разам з мужам вяла фермерскую гаспадарку на 25 гектарах. Многія мясцовыя жыхары і дачнікі куплялі ў іх свежае малако. Цяпер жанчына працуе сацыяльным работнікам. Усіх аднавяскоўцаў ведае вельмі добра.
– Мае падапечныя жывуць у самой Папоўшчыне, а таксама ў Карсаковічах і Аляхновічах, – адзначыла субяседніца. – Сярод аднавяскоўцаў мае патрэбу ў доглядзе Людміла Грыб. Родам яна з Гомельшчыны. Працавала на Далёкім Усходзе на рыбалоўным судне. Калі вырашыла вярнуцца на радзіму, выбрала менавіта Папоўшчыну. Тут ёй спадабалася ўсё: і суседзі, і прырода. Мы ўсе даўно лічым яе сваёй.
Па словах старасты, вёска за апошні час вельмі змянілася. Сюды пераехалі сем’і з Мінска, Заслаўя, іншых беларускіх гарадоў. Людзі купляюць дамы, будуюцца, рэканструююць падворкі. Радуе, што сярод нешматлікіх жыхароў ёсць дзеці. Іх спецыяльны аўтобус возіць на заняткі ў Аляхновіцкую сярэднюю школу. Калі ў вёсцы ёсць дзеці, значыць, ёсць будучыня.
– Папоўшчына наша спакойная, людзі ў нас ветлівыя, – працягвае Вера Браніславаўна. – Дамы падключаны да цэнтральнага водазабеспячэння. Нараканняў на падачу вады няма. Калі што здараецца, спецыялісты выязджаюць на месца вельмі хутка, аператыўна вырашаюць праблему. Дарога праз населены пункт рэгулярна чысціцца, у тым ліку зімой, што асабліва важна для сельскіх жыхароў. Пры гэтым кіламетровы ўчастак трасы ад вёскі да дарогі Р-28 усё ж мае патрэбу ў рамонце. Вяскоўцы спадзяюцца на станоўчае вырашэнне пытання.
Субяседніца падкрэсліла камфортную псіхалагічную атмасферу ў населеным пункце. Суседзі тут сябруюць сем’ямі, разам адзначаюць дні нараджэння, рэлігійныя святы. І гэта не дзіва, бо жыццё ў такой невялікай вёсачцы ідзе на вачах адзін аднаго. Жыхары працоўнага ўзросту ездзяць на работу ў Мінск або Маладзечна. У цёплую пару жыхароў, вядома, становіцца больш.
Яшчэ адна адметная рыса Папоўшчыны – шыкоўная прырода. Навакольныя лясы багатыя грыбамі і ягадамі. Побач з вёскай ёсць невялікае возера. Яно прываблівае аматараў рыбнай лоўлі і філасофскіх разважанняў на свежым паветры. Адным словам, адпачыць у наваколлі магчыма. Сапраўдны курортны край.
Амаль паўвека разам
У час наведвання Папоўшчыны з задавальненнем пазнаёміўся з сям’ёй Давідовічаў. Мікалай Віктаравіч і Ніна Іванаўна жывуць душа ў душу 48 гадоў. Яны паказваюць прыклад іншым, як цаніць сямейныя каштоўнасці, падтрымліваць адзін аднаго, разам ісці па жыцці.
– Нарадзіўся я ў гэтай вёсцы, – паведаміў Мікалай Давідовіч. – Вучыўся ў школе ў Красным. Пасля яе заканчэння служыў у арміі. Калі вярнуўся дадому, уладкаваўся на работу ў Мінск спачатку на трактарны завод, затым на «Гарызонт». У Папоўшчыне знаходзіцца мой бацькоўскі дом. Мы з жонкай вельмі любім бавіць час у сельскай мясцовасці.
Мужчына паведаміў, што ў ваколіцах вёскі яго род жыве ўжо каля трох стагоддзяў. Усе продкі былі патрыётамі сваёй Радзімы, не шкадуючы жыцця, абаранялі яе. У час Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлі дзейнічаў партызанскі атрад «Штурм», што ўваходзіў у склад партызанскай брыгады «Штурмавая». За сувязь з народнымі мсціўцамі карнікі арыштавалі дзядулю нашага субяседніка, Антона Адамавіча, і бабулю Пелагею Іванаўну. Тры дні нацысты катавалі іх, збівалі, потым у Маладзечне, у раёне Гелянова, расстралялі. Такія трагедыі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі адбываліся паўсюдна.
У Мікалая Віктаравіча і Ніны Іванаўны ёсць дачка і ўнук. Яны часта наведваюць іх, дапамагаюць. Галоўным у сямейным жыцці муж і жонка лічаць любоў, давер, павагу. Калі ўсё гэта ёсць, сумеснае жыццё будзе моцным і шчаслівым.
– Жывём дружна, пенсіі хапае, – дадала Ніна Іванаўна. – Мне ў Папоўшчыне вельмі падабаецца. Такога паветра, як тут, напэўна, няма нідзе. Вясной прыгожа спяваюць салаўі. Сама я раней працавала ў адным з пашывачных атэлье ў Мінску. Стыль жыцця ў вёсцы нашмат больш камфортны: можна і ў агародзе папрацаваць, і адпачыць на прыродзе.
Самая пажылая жыхарка
Феадоры Стэцкай 97 гадоў. Яна нарадзілася ў Папоўшчыне, выйшла замуж за свайго земляка Міхаіла Кузьміча. Жанчына карыстаецца ў аднавяскоўцаў вялікай павагай і пашанай.
Пра Феадору Міхайлаўну і Міхаіла Кузьміча расказала іх дачка Таццяна Шафаловіч. Яна паведаміла, што калі яны пажаніліся, то былі аднафамільцамі. Увогуле, род Стэцкіх з’яўляецца адным з заснавальнікаў населенага пункта. У час акупацыі маладая сям’я дапамагала яўрэям, палонным чырвонаармейцам. Муж і жонка насілі ім ежу.
Бацьку мабілізавалі ў Чырвоную армію пасля вызвалення мясцовасці. На фронце ён быў пехацінцам, потым санінструктарам. Ваяваў у Германіі, вызваляў Кітай ад японскіх захопнікаў. Пасля вайны працаваў у Радашковіцкай бальніцы дэзінфектарам. Маці працавала ў гаспадарцы пры Аляхновіцкай птушкафабрыцы. Была паляводам, даяркай, даглядала птушак. У яе шмат заахвочванняў за ўдарную працу. Найбольш яркія ўспаміны ў Феадоры Міхайлаўны пра вайну. Жанчыне дапамагаюць дзеці. Не забывае яе мясцовая ўлада. Як удаву ўдзельніка вайны яе наведваюць прадстаўнікі сельвыканкама, віншуюць з Днём Перамогі.
Вясковы калейдаскоп
У Папоўшчыне знаходзіцца фермерская гаспадарка Бахціёра Кіямава. Фермер займаецца конегадоўляй, разводзіць уладзімірскіх цяжкавозаў і рускіх рысакоў. Жывёл ахвотна набываюць конегадоўчыя гаспадаркі. Вялікае значэнне мае таксама захаванне парод. Фермер пачаў бізнес на Маладзечаншчыне ў 2020 годзе. З усіх варыянтаў размяшчэння выбраў менавіта Папоўшчыну. За гэты час было створана некалькі новых рабочых месцаў. У далейшым гаспадарка будзе пашырацца.
Мясцовыя жыхары назвалі тры версіі ўзнікнення назвы населенага пункта. Першая, самая відавочная: калісьці тут людзі выкупілі надзел зямлі, што належаў праваслаўнай царкве. Другая версія геаграфічная: раней вёска знаходзілася ў нізіне паміж узгоркаў і быццам упала ў поле. Трэцяя – сацыяльная: народ у населеным пункце быў вельмі дружны, трымаўся адзін аднаго. Гэтаму адпавядала мясцовае азначэнне «папкі». Магчыма, вы ведаеце яшчэ варыянты, як узнікла назва? Пішыце ў чат-бот «МГ».
Папоўшчына «асядлала» адзін з самых высокіх узгоркаў Аляхновіцкага ўзвышша (часткі Мінскага ўзвышша). Вышыня населенага пункта над узроўнем мора прыкладна 262 метры. Дзеля параўнання: вышыня вёскі Навасёлкі-2 складае 245 метраў, Карсаковічаў – 238 метраў, Красоўшчыны – 235 метраў над узроўнем мора.
Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра Папоўшчыну адносяцца да XIX стагоддзя. Тады населены пункт уваходзіў у склад маёнтка Клінок. Па стане на 1857 год тут жыло 13 чалавек.
За гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі адзін двор і забілі двух мірных жыхароў. Да вайны ў вёсцы жыло 35 чалавек, налічвалася 10 двароў.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: АЎТАР, архіў Таццяны ШАФАЛОВІЧ, інтэрнэт- рэсурсы
- ВКонтакте
- РћРТвЂВВВВВВВВнокласснРСвЂВВВВВВВВРєРСвЂВВВВВВВВ
- Telegram
- Viber
- РЎРєРѕРїРСвЂВВВВВВВВровать ссылку