Новости Молодечно и Молодечненского района

Сакрэты майстэрства Алесі Мігура

  • 2021-08-20 06:27:19
  • Алег Бяганскі

— Працую ў прыёмным пункце з 2007 года, — гаворыць Алеся Віктараўна. – Прымаю заказы на паслугі пральні, хімчысткі, рамонт абутку і многае іншае. Заяўкі вяскоўцаў выконваюцца ў першую чаргу. Сама займаюся рамонтам адзення. Прадаю гатовыя вырабы, якія выпускаюць завод «Рамбыттэхніка» і іншыя прадпрыемствы, а таксама рытуальную прадукцыю.

Субяседніца расказала, што бытавое абслугоўванне ў сельскай мясцовасці мае сваю спецыфіку. Вялікае значэнне тут надаецца «сарафаннаму радыё». Калі камусьці не спадабаецца якасць выканання заказу, пра гэта будзе ведаць уся вёска. А выдатная рэпутацыя якраз дапамагае прыцягнуць новых кліентаў. Часта прыёмны пункт наведваюць цэлымі сем’ямі. Лепшую рэкламу нават цяжка сабе ўявіць!

— Канкурэнты не вельмі турбуюць, — працягвае Алеся Віктараўна. – Вяскоўцам падабаецца, што бытавыя паслугі можна атрымаць па месцы жыхарства. Асабліва гэта цэняць пажылыя людзі, інваліды, маці, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Ды і асартымент вырабаў у нас шырокі, цэны дэмакратычныя, а якасць тавараў высокая.

Алеся Мігура нарадзілася ў Турэц-Баярах, тут жа закончыла школу. Цяпер працуе ў роднай вёсцы.

Алеся Мігура аказвае паслугі і гараджанам. Разам з калегамі, работнікамі ААТ «Завод Рамбыттэхніка»,удзельнічае ў выязным гандлі на прадпрыемствах Маладзечаншчыны. Такая форма абслугоўвання насельніцтва набывае ўсё большую папулярнасць. Важна і тое, што расплаціцца за тавары і паслугі можна ў кошт будучай зарплаты.

— На рабочым месцы я на ўсе рукі майстар, — зазначыла Алеся Віктараўна. — Трэба быць і прыбіральшчыцай, і закройшчыцай, і прадаўцом, і менеджарам. Заўсёды сачу, якія тавары запатрабаваныя, якія пазіцыі трэба заказаць.

Так, вясной карыстаюцца попытам угнаенні і грунты, летам — тонкія коўдры, зімой – тоўстыя. Уплывае на асартымент сезон нарыхтовак садавіны і агародніны. Каб дагадзіць пакупнікам, неабходна ўлічваць цэны, якасць, мадэлі вырабаў. Заўсёды шмат жадаючых набыць падушкі, коўдры, пасцельную бялізну, ручнікі, абрусы. Попыт на гэтыя тавары традыцыйна высокі.

— На рабоце праводжу шмат часу, таму стараюся, каб тут было гэтак жа ўтульна, як і дома, — заўважыла субяседніца. – І самой прыемна, і наведвальнікам камфортна. Людзі прыходзяць не толькі нешта купіць або зрабіць заказ. Яны заўсёды падзеляцца навінамі, раскажуць цікавыя гісторыі.

Алеся Віктараўна дадала, што яе аднавяскоўцы шчырыя і душэўныя людзі. Турэц-Баяры – вёска невялікая. Усе адзін аднаго ведаюць, дапамагаюць адзін аднаму.

Турэц-Баяры – адна з вёсак у Маладзечанскім раёне, дзе працуе сельскі комплексны прыёмны пункт.

Вось і субяседніца ў час першай хвалі каранавіруса пашыла для персаналу мясцовага дзіцячага сада некалькі камплектаў масак. Нават калі ідзе ў адпачынак, яна пакідае на дзвярах запіску з нумарам мабільнага тэлефона. Калі камусьці тэрмінова спатрэбіцца нешта набыць – калі ласка, тэлефануйце!

— Люблю работу за тое, што яна творчая, цікавая, — зазначыла Алеся Мігура. – Я і сама творчы чалавек. Дома малюю карціны па нумарах, займаюся алмазнай мазаікай. Гэта дапамагае прыдумваць арыгінальныя дызайнерскія элементы ў адзенні. У выніку кофта або сукенка пасля рамонту выглядаюць нават лепш, чым новыя. Сыны Канстанцін і Аляксей, муж Андрэй Іосіфавіч ва ўсім мяне падтрымліваюць. Увогуле, сям’я ў нас дружная. А што яшчэ трэба для жаночага шчасця?

ДАВЕДКА. Сельскі комплексны прыёмны пункт у Турэц-Баярах – адно з падраздзяленняў ААТ «Завод Рамбыттэхніка» (базавай арганізацыі па аказанні бытавых паслуг у горадзе і раёне). Прадпрыемства аказвае шырокі спектр паслуг: рамонт і пашыў адзення, рамонт абутку, рамонт і выраб ювелірных вырабаў і г.д.

СКПП у Турэц-Баярах прызнаваўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу сярод сельскіх комплексных прыёмных пунктаў. Пункт абслугоўвае некалькі вёсак – усяго каля 1700 чалавек.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.