— У нас цяпер самы гарачы час, — гавораць прадаўцы Ала Кароль і Алена Пакладок, якія працуюць на першым паверсе магазіна. – Вучні, бацькі прыходзяць са спіскамі, мы дапамагаем ім выбраць неабходную канцылярыю, падказваем, які тавар больш якасны. Напрыклад, вокладкі для падручнікаў лепш купляць беларускія, яны таўсцейшыя, іх хопіць на ўвесь школьны год. А каляровыя алоўкі ці фламастэры рэкамендуем чэшскія.
Канцылярскія тавары заўсёды прадстаўлены ў вялікім асартыменце, а да пачатку навучальнага года ён яшчэ пашырыўся.
— Нам не складана было сабраць старэйшага сына Кірыла ў першы клас, выбар тут вялікі, — дзеліцца Анастасія Сліж.У гэтыя перадвераснёўскія дні ў магазіне шмат пакупнікоў.
Яна расказвае, што сын пойдзе ў першы клас СШ №9, ён ужо ўмее чытаць. Рыхтавацца да школы іх сям’я пачала загадзя. Частку клопатаў узяла на сябе бабуля, за што бацькі хлопчыка ёй удзячны. Цяпер засталося купіць дробязі, па якія Анастасія і прыйшла разам з Кірылам і яго малодшым брацікам Максімам.
— Для першакласнікаў у нас аформлена асобная палічка. На ёй – не толькі неабходныя рэчы, але і падарункі, якія бацькі і сваякі могуць зрабіць свайму сыну ці дачцэ з нагоды 1 верасня, — расказваюць Ала Кароль і Алена Пакладок. – Напрыклад, гэтыя цудоўныя чэшскія пеналы з напаўненнем — ад 52 да 95 рублёў.Вопытныя прадаўцы Ала Кароль і Алена Пакладок выдатна арыентуюцца ў шырокім асартыменце тавараў, дапамагаюць іх выбраць кожнаму пакупніку.
Некалькі штук ужо купілі і гэта выдатны падарунак для школьніка.
— А звычайная белая крэйда ў вас ёсць? — звяртаецца да прадаўцоў дзяўчынка-старшакласніца.
— І белая, і каляровая! – адказваюць супрацоўніцы магазіна і дапамагаюць пакупніцы знайсці тавар.
Паказваюць і навінкі: наборы маркераў для скетчынгу, папулярнага сярод моладзі накірунку ў маляванні. Яны прадстаўлены ў вялікім асартыменце. Ёсць наборы па 100, 150 і нават 300 штук. Найчасцей іх купляюць дзяўчынкі-падлеткі. Ёсць і спецыяльныя блакноты для замалёвак.
Многія наведвальнікі падымаюцца на другі паверх магазіна, дзе ў поўным асартыменце прадстаўлена вучэбная літаратура: дапаможнікі, карты, рабочыя сшыткі. Яны раскладзены па класах, каб пакупнікі маглі хутка зарыентавацца.
— Атрымалі мы ўжо і зборнікі тэстаў 2021 года. Многія старшакласнікі іх купляюць, каб патрэніравацца. Вось, да прыкладу, зборнік тэстаў па англійскай мове каштуе 9 рублёў 58 капеек, — паказвае старшы прадавец Наталля Субаткоўская.
— Хачу купіць такі зборнік па беларускай мове. У мяне ўнук у дзясятым класе, будзем з ім працаваць над тэстамі, — расказвае Марыя Александровіч, якая па адукацыі філолаг. — Падкажыце, а пенсіянерам скідкі на літаратуру прадугледжаны?
— Так, пенсіянеры могуць разлічваць на пяціпрацэнтную зніжку, як і мнагадзетныя сем’і, інваліды пры прадастаўленні адпаведных дакументаў. А яшчэ ў нас прадугледжаны прыемны бонус для імяніннікаў: у дзень нараджэння і на працягу трох дзён пасля яго — зніжка 15 працэнтаў, — падключаецца да размовы дырэктар кнігарні «Спадчына» Сяргей Субаткоўскі.«Кнігі – наша сямейнае захапленне, наша любімая работа», — гавораць дырэктар магазіна «Спадчына» Сяргей Субаткоўскі і старшы прадавец Наталля Субаткоўская.
Поўная інфармацыя пра сістэму зніжак размешчана пры ўваходзе ў магазін. Прадугледжаны яны пры пакупцы тавару на суму ад 150 рублёў, як для асобных пакупнікоў, так і для юрыдычных асоб. З верасня з’явяцца і клубныя карты, якія даюць права на зніжкі. Акрамя таго, некаторыя выдавецтвы аб’яўляюць акцыі, падчас якіх можна выгадна купіць кнігі – як класіку, так і сучасных аўтараў. Дарэчы, літаратура для пазакласнага чытання мае прыярытэтнае размяшчэнне, а цэны на яе даступныя.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.