Новости Молодечно и Молодечненского района

Са знакам любові да бліжняга

  • 2023-07-28 09:41:51
  • Людміла Цар

У фірменных пакетах -- прадуктовыя наборы, у цёплым, шчырым звароце валанцёраў -- добрыя словы і пажаданні развіцця сяброўскіх стасункаў.

-- Я вельмі рады нашай сустрэчы, у час якой можам пазнаёміцца бліжэй, паразмаўляць, перадаць дапамогу ад рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, -- адзначыў брат Андрэй Жылевіч з парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. -- Валанцёры нашага прыхода Вікторыя і Дамініка ўручаць наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання насценныя календары на наступны 2024 год з выявай Езуса Міласэрнага, які любіць кожнага чалавека. Няхай каляндар стане добрай нагодай для таго, каб жыць у Божай прысутнасці.

Дарэчы, слова «карытас» азначае любоў. Вялікая любоў Бога да свайго стварэння, бясконцая міласэрнасць, аказаная людзям у Езусе Хрысце, заклікаюць любіць адзін аднаго, служыць бліжнім, дзяліцца цеплынёй свайго сэрца. Не па чутках гэта ведаюць валанцёры парафіі Святога Казіміра. Яны прыходзяць з пачастункамі ў інтэрнаты, наведваюць хворых людзей, даглядаюць дзяцей, дапамагаюць састарэлым, Адным словам, не забываюцца пра свой абавязак несці дапамогу тым, каму яна найбольш патрэбна.

Напрыклад, да свята Божага Нараджэння парафіяне збіралі і развозілі па адрасах падарункі для сем’яў, у якіх выхоўваюцца два і больш дзяцей з інваліднасцю,  віншавалі са святам. Упэўніліся ў тым, што важная не толькі матэрыяльная, але і маральная падтрымка. Трэба было бачыць, як узнялі настрой валанцёры парафіі, калі мінулым летам з прыгожымі кветкамі і творчымі нумарамі наведалі Маладзечанскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. І гэта толькі некалькі акцый з удзелам добразычлівых нераўнадушных людзей. А кожная добрая справа знаходзіць шчыры водгук.

У гучным «Дзякуй!» наведвальнікі аддзялення выказалі свае пачуцці да гасцей і ўдзячнасць за ўвагу. Яны правялі невялікую экскурсію па ўстанове, куды прыходзяць з радасцю.

Як расказала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання РТЦСАН Аксана Турчыновіч, аддзяленне працуе больш за дваццаць гадоў. У пачатку дзейнасці тут было ўсяго каля дзесяці чалавек. На сённяшні дзень залічана больш за восемдзесят чалавек пажылых людзей і людзей з інваліднасцю. Для іх дзейнічаюць працоўная майстэрня і гурткі розных накірункаў, напрыклад, фізкультурна-аздараўленчы, творчы, навучання навыкам самаабслугоўвання.

-- Наведваем культурна-масавыя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, выязджаем на экскурсіі. У пачатку жніўня паедзем на параліміпіяду, якая будзе праходзіць у г. Чэрвені, -- гаворыць Аксана Турчыновіч. -- Адным з важнейшых кірункаў з’яўляецца духоўны. Наладжана супрацоўніцтва сацыяльнай установы з каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой.

Наведвальнік аддзялення Яўгеній падзяліўся, што яму вельмі прыемна было атрымаць падарунак. Ён даволі даўно прыходзіць ва ўстанову, дзе знайшоў сабе сябра Аляксея. Яўгеній ахвотна займаецца ў гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вырабляе прыгожыя рэчы. А яшчэ ён лічыць сябе веруючым чалавекам, ходзіць у царкву Нараджэння Хрыстова. Ён верыць у тое, што ёсць Бог, і ведае, што побач з ім жывуць добрыя людзі. У час нядаўняй сустрэчы з братам Андрэем і валанцёрамі парафіі Святога Казіміра малады чалавек яшчэ раз упэўніўся ў гэтым.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР.