-- Работнікі вашага прадпрыемства штогод дасягаюць высокіх вынікаў. Няўжо ў Розы Мікалаеўны няма канкурэнтаў? -- цікаўлюся ў галоўнага заатэхніка ААТ «Гарадзілава» Ільі Галодзькі.
-- Мы не канкурыруем паміж сабой, а працуем адной камандай. Таму наша прадпрыемства трымае марку. Роза Мікалаеўна з кагорты перадавікоў -- на іх мы раўняемся. Сярэднясутачная прывага цялят, за якіх яна адказвае, большая за кілаграм. Добрыя паказчыкі трэба абавязкова цаніць.
Па выніках работы ў чарговы раз Роза Міткевіч у ліку пераможцаў у намінацыі «Лепшы работнік сельскай гаспадаркі».
-- Калі кіраўніцтва стварае належныя ўмовы і ўвогуле з разуменнем ставіцца да людзей, калі работнікі своечасова атрымліваюць зарплату і яе хапае на асабістыя патрэбы, чаму ж не працаваць? -- заўважае ўсмешлівая жывёлавод.
На ферму Роза ездзіць з Дземяшоў, што прыкладна за дзесяць кіламетраў ад Шыпулічаў. І заўсёды з макіяжам і прыгожымі завушніцамі.
-- Для работнікаў нашага прадпрыемства прадугледжаны спецыяльны аўтобус, таму ніякіх праблем з дарогай няма, -- працягвае жанчына. -- Кожную раніцу нас забіраюць з розных населеных пунктаў, а потым адвозяць дамоў.
Дзень Роза Мікалаеўна пачынае з агляду маладняку. Трэба, каб цяляты былі і накормленыя, і здаровыя, і ўтрымліваліся ў чысціні.
-- Я ўсім кажу, што ў мяне 200 «дзяцей» -- менавіта столькі на ферме цялят ва ўзросце ад 6 да 12 месяцаў, якіх я даглядаю, -- расказвае пра свае будні субяседніца. -- Яны сапраўды нібы дзеці, нават плакаць умеюць. І пазнаюць мяне па голасе. Адгукаюцца. Іншым разам даю ім мянушкі -- Маруся, Белка… Адна цялушка цалавацца лезе, дык я яе Лізухай заву.
У гэтай жа гаспадарцы працуе жывёлаводам муж Розы Сяргей Мікалаевіч.
-- Ён не зайздросціць, што ваша імя ўжо столькі разоў было змешчана на Дошцы гонару раёна? -- пытаюся ў субяседніцы.
-- Наадварот радуецца! -- зазначае яна. -- Сяргей для мяне надзейная апора і ў рабоце, і ў жыццёвых клопатах. Такіх, як ён, больш няма! У нас сын і чацвёра ўнукаў. Вельмі любім, калі ўся сям’я збіраецца разам.
Дарэчы, да работы Роза прывычная з дзяцінства. Яна рана засталася без бацькоў. Маму ёй замяніла старэйшая сястра, услед за якой і прыехала з роднай Брэстчыны на Маладзечаншчыну. Цяпер у Розы тут свой дом і наш край даўно стаў для яе родным.
-- З маленства ведаю і нялёгкую працу ў сельскай гаспадарцы, -- заўважае субяседніца. -- Тата ў свой час быў конюхам. Мае браты і сёстры (усіх нас сямёра) таксама ў гэтай галіне.
-- А за што вы любіце сваю работу найбольш? -- цікаўлюся ў рэкардсменкі.
-- Гэта проста маё… Ды ў Шыпулічах так спакойна, ціха. Нездарма гавораць, што шчасце любіць цішыню…
Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў ААТ «Гарадзілава».