— Прафесія падабаецца перш за ўсё з-за экстрыму, — гаворыць Дзяніс. – Цікава працаваць на вышыні. Адчуванні проста фантастычныя! Тут акрамя смеласці патрэбныя яшчэ навыкі і вопыт.
Па словах субяседніка, максімальная вышыня, на якой ён працаваў, – 60 метраў. Вяроўка, што выкарыстоўваецца альпіністамі, можа вытрымаць звыш 4 тон. Заўсёды прымяняецца страховачны канат.
— Калі ўзнімаецца вецер, даводзіцца чапляцца за карнізы, выступы, адлівы, — працягвае спецыяліст. — Каб надаць целу большую ўстойлівасць, трэба пастаянна ўпірацца ў сцяну нагамі. Дарэчы, прамысловыя альпіністы не схільныя да «марской хваробы». Вестыбюлярны апарат у іх у норме. Дождж або холад – таксама не праблема. Спецадзенне абараняе ад вільгаці і не дае замерзнуць.
Разам з калегамі Дзяніс прымаў удзел у рэстаўрацыі фасада музычнага каледжа ў Маладзечне, фарбаваў будынак Міністэрства замежных спраў, уцяпляў сцены многіх шматпавярховак у беларускай сталіцы. Даволі частыя заданні зімой – збіванне ледзяшоў з дахаў.
Дзяніс з удзячнасцю гаворыць пра сваіх першых настаўнікаў, якія навучылі ўсім сакрэтам прафесіі, – братоў Дзмітрыя і Алега Менюкоў (дарэчы, таксама маладзечанцаў).
— Калі працуеш на офісным будынку або жылым доме, людзі часта запрашаюць зайсці праз акно ў госці, адпачыць на балконе, прапануюць чай ці каву. Увогуле, стаўленне да прадстаўнікоў маёй прафесіі самае прыязнае. У некаторых сем’ях нават сваркі спыняюцца, калі я з’яўляюся ў акне, — жартуе Дзяніс.
Субяседнік дадаў, што вытворчасць працы прамысловых альпіністаў шмат у чым залежыць ад… размаху рук. Чым большую частку сцяны захопіш, тым менш спускаў спатрэбіцца для выканання задання. Дзяніс аднолькава добра валодае правай і левай рукой, таму працуе хутка і якасна.
— Вышыня вабіць, хвалюе, не пакідае абыякавым. Каб справіцца з ёю, самому трэба быць заўсёды на вышыні, — упэўнены Дзяніс Вашкевіч.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.