Кожную вясну ў сакавіку ў Беларусь вяртаюцца з выраю гракі, будуюць новыя гнёзды і абнаўляюць старыя. Аблюбавала калонія шумных птушак і сквер ля чыгуначнага вакзала, участак вуліцы Прытыцкага ў Маладзечне...
Людзі, вядома, такому суседству не рады. І гэта не дзіўна. Мала таго, што крыкі крумкачовых гучныя і непрыемныя, дык яшчэ трэба асцерагацца паветранай «бамбардзіроўкі». Аднак такія нязручнасці давядзецца цярпець.
Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце» разбураць нежылыя гнёзды птушак, размешчаныя на насаджэннях у населеных пунктах, жылых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых будынках і збудаваннях, дазволена толькі з 15 жніўня па 15 лютага.
Справа ў тым, што ў мінулагодніх гнёздах гракоў у гарадах могуць гнездавацца вушастыя совы. У сакавіку ў гнёздах могуць быць ужо яйкі і нават птушаняты савы. У красавіку яйкі ёсць ужо і ў гнёздах гракоў. Совы не будуюць гнёздаў самі.
Калі грамадзян раздражняе вясенняя актыўнасць гракоў, пра камфорт і спакой трэба клапаціцца загадзя.
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» рэкамендуе скідваць незанятыя гнёзды ў дазволены перыяд. Гракам прасцей заняць старое «жыллё», чым будаваць новае. Таму хутчэй за ўсё птушкі паселяцца ў іншым месцы.
Абрэзка галін з гнёздамі пасля 15 лютага незаконная. Парушальнікаў чакаюць штрафы.