Пастаральная карціна ўсіх сельскіх населеных пунктаў – лаўка на вуліцы, на якой мясцовыя жыхары дзеляцца навінамі. Так было і ў час майго наведвання вёскі Кучкі. Тут атрымлівалі асалоду ад спакою і добрага надвор’я некалькі вяскоўцаў. Адна з іх – Людміла ЖЫБРОЎСКАЯ.
– Пражыла ў Кучках у гэтым доме ўсё жыццё, – расказала Людміла Ільінічна. – Працавала санітаркай у маладзечанскай бальніцы. На пенсію выйшла амаль у 75 гадоў. Проста не магу без работы. У 55 нават не думала пра адпачынак. Заўсёды адчувала сябе маладой. Калі працуеш, ведаеш, што патрэбная людзям. Гэта надае сіл і энергіі.
Субяседніца заўважыла, што Кучкі – спакойная, прыгожая вёска. Суседзі добразычлівыя. Некалькі разоў на тыдзень прыязджае аўтакрама. Недалёка знаходзіцца аўтобусны прыпынак. Вяскоўцы не лічаць сябе адарванымі ад цывілізацыі. Да добраўпарадкавання населенага пункта яны ставяцца з усёй адказнасцю: абкошваюць і свае ўчасткі, і тэрыторыю да дарогі.
– Раней у вёсцы было даволі шмат пустых дамоў, – зазначыла Людміла Жыброўская. – У апошнія гады падворкі актыўна выкупляюць дачнікі. Населены пункт яны лічаць перспектыўным. І гэта вельмі добра.
Людміла Ільінічна стараецца заўсёды знайсці сабе занятак. Жанчына займаецца агародам, наведвае культурныя мерапрыемствы ў Маладзечне. Ды і навіны на лаўцы з суседзямі абмеркаваць трэба. Такі стыль жыцця магчымы толькі на вёсцы.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ