Новости Молодечно и Молодечненского района

Прызыўная кампанія на Маладзечаншчыне ў лічбах

  • 2016-12-06 11:43:37
  • Алег Бяганскі

— На тэрміновую службу адпраўлены 154 юнакі, на службу ў рэзерве яшчэ 16, — гаворыць Васілій Анатольевіч. – Усе яны разумеюць неабходнасць выканання воінскага абавязку перад Радзімай. Многія пасля тэрміновай службы звязваюць свой далейшы лёс з арміяй, міліцыяй, іншымі сілавымі органамі. Увогуле, быць абаронцам роднай зямлі заўсёды лічылася прэстыжным.

Прызыўнікі з раёна накіраваны ў 37 воінскіх часцей. Аднаму нашаму земляку выпаў гонар служыць у Маладзечанскай пагранічнай заставе Смаргонскай пагранічнай групы. Пасля падрыхтоўкі ў ДТСААФ 16 юнакоў атрымалі вадзіцельскія правы. Яны селі за руль ваенных аўтамабіляў.

Сярод новаўвядзенняў гэтага года – прызыў на альтэрнатыўную службу. Гэта права скарыстаў адзін жыхар Маладзечаншчыны, які па рэлігійных перакананнях не можа служыць у страявых падраздзяленнях.
 Згодна з айчынным заканадаўствам той, хто мае вышэйшую адукацыю, служыць адзін год, астатнія — паўтара. Тэрмін альтэрнатыўнай службы — два гады для асоб з вышэйшай адукацыяй, тры — без яе.

— На жаль, у час апошняй прызыўной кампаніі не абышлося без «ухілістаў». Пяцёра маладых людзей не з’явіліся па павестцы ў ваенкамат. Матэрыялы на іх накіраваныя ў пракуратуру. Таму жартаваць з законам я б нікому не раіў, — адзначыў Васілій Сокал.

Начальнік аддзела прызыву дадаў, што адтэрміноўка для працягу навучання дадзена 410 жыхарам горада і раёна, па сямейных абставінах – 50-ці. Каля трохсот чалавек медыцынская камісія прызнала непрыгоднымі да службы.

— Многіх прызыўнікоў і іх бацькоў хвалюе пытанне нестатутных узаемаадносін у вайсковых часцях, — працягвае В. Сокал. — Трэба адзначыць, што «дзедаўшчына» ў беларускай арміі амаль выкаранена. Камандзіры надаюць вялікую ўвагу дысцыпліне, праводзяць шматлікія выхаваўчыя мерапрыемствы. Таксама не трэба хвалявацца наконт харчавання салдат. Адпаведныя нормы дазваляюць ваеннаслужачым падтрымліваць выдатную фізічную форму і годна выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. Увогуле, службы ў арміі не трэба баяцца. Тым больш што дзяржава дае шэраг гарантый прызыўнікам. Напрыклад, за імі захоўваецца апошняе рабочае месца.