-- Тэрыторыя нашай школы вялікая, на ёй расце нямала дрэў, як хвойных, так і лісцевых, пасаджаны яблыневы сад. І птушак прылятае шмат. Сінічкі, нібы ручныя, могуць на падаконнік сесці, у акно дзюбкай пастукаць, нібы просяць, каб дапамаглі ім зімой пракарміцца. Вось мы і вырашылі правесці такую акцыю, вучні і іх бацькі яе падтрымалі, -- расказвае намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Наталля Вяршыцкая.
Калі глядзіш на гэтыя домікі, нельга не здзівіцца, з якім творчым падыходам, фантазіяй майстравалі іх дзеці разам з дарослымі. Васьмікласнік Ягор Карпіцкі паказвае нам свой выраб -- трохвугольную кармушку з папулярнай прасаванай шчапы ў выглядзе… кавалка сыру з круглымі дзіркамі, праз якія птушкам будзе зручна залятаць.
-- Гэта ідэя майго таты, які выразаў гэтыя дзіркі лобзікам, -- расказвае Ягор. -- Мы жывём у сваім доме і ў двары таксама павесілі кармушку, толькі больш простай формы. Да яе прылятаюць вераб’і, сініцы.
-- І мы з татам майстравалі кармушку, -- падключаецца да размовы сямікласніца Аніта Грузд. -- Тата выразаў дэталі, збіваў, а я фарбавала ў белы колер. У нас ля дома вісіць такая ж, і да яе пастаянна прылятаюць сінічкі, снегіры, вераб’і.
Некаторыя класы прадставілі на выстаўку па некалькі кармушак. А найбольш іх змайстраваў 6«Г» (класны кіраўнік Аляксандра Міцкевіч). Цікавыя, вельмі эстэтычныя работы ў 3 «Б» класа (класны кіраўнік Святлана Карчміт), 4«Б» класа (класны кіраўнік Наталля Вяршыцкая).
Пасля знаёмства з выстаўкай і аўтарамі самых цікавых экспанатаў мы парадаваліся, што вучні не проста дружна паўдзельнічалі ў конкурсе, але і дома павесілі кармушкі, каб дапамагчы птушкам пракарміцца халоднай снежнай зімой.
ІНФАРМАЦЫЯ ў ТЭМУ
Чым лепш карміць птушак?
Арнітолагі рэкамендуюць пшаніцу, ячмень, проса, авёс, аўсянку ці аўсяныя шматкі, падсушаны белы хлеб. А вось чорны хлеб катэгарычна забараняецца: у жытнёвых зярнятах шмат крухмалу, птушкі яго дрэнна пераварваюць, што можа нават прывесці да іх гібелі. Таксама крылатыя будуць рады несалёнаму салу, але яго не павінна быць шмат.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.