У Хажоўскім сельскім Доме культуры цікава ўсім. Свае творчыя здольнасці тут могуць рэалізаваць людзі рознага ўзросту.
– На базе нашага дома культуры дзейнічае некалькі дзіцячых гурткоў, – расказала загадчык СДК Таццяна Ламака. – Маладым вяскоўцам наведваць іх вельмі падабаецца. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічаюць у канцэртах, іншых культурных мерапрыемствах. У юных талентаў ёсць магчымасць выступаць перад рознай аўдыторыяй.
Субяседніца заўважыла, што адным з напрамкаў дзейнасці клуба з’яўляецца ўмацаванне інстытута сям’і, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей. Таму вялікай папулярнасцю карыстаецца клуб маладой сям’і «Гармонія». Абсалютная большасць яго наведвальнікаў – мнагадзетныя бацькі. Усе яны крэатыўныя, пазітыўныя, актыўныя ўдзельнікі конкурсаў і тэматычных праектаў.
Гонарам і візітнай карткай СДК з’яўляецца вакальная група «Беларусачка». Самай пажылой яе ўдзельніцы 84 гады. У рэпертуары патрыятычныя, народныя, сучасныя песні. Акампаніятарам выступае таленавіты баяніст Міхаіл Каспяровіч. Выступае калектыў у сацыяльных, навучальных установах нашага раёна, санаторыях.
– У бліжэйшых планах – літаратурная ўрачыстасць, прысвечаная 85-годдзю Маладзечанскага раёна, – адзначыла Таццяна Ламака. – Плануем запрасіць маладзечанскіх паэтаў, пісьменнікаў, вучняў мясцовай школы. Рыхтуецца да гэтага мерапрыемства і Хажоўская бібліятэка.
Субяседніца паведаміла, што нядаўна ў СДК быў зроблены рамонт глядзельнай залы і дысказалы. Такім чынам, умовы для гледачоў сталі больш камфортнымі. І гэта толькі адна з нагод, каб наведаць установу культуры.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Таццяны ЛАМАКА