Новости Молодечно и Молодечненского района

Прыпыначны пункт для дваіх

  • 2024-10-27 08:30:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

З Ірынай КАЗАК і яе дачкой Маргарытай ЗАЛУЦКАЙ пазнаёміўся на іх падворку ў Аляхновічах. Жанчыны былі занятыя асеннімі клопатамі. Яны прыводзілі ў парадак участак, вывозілі апалае лісце, даглядалі кветкі. Як аказалася, у маці і дачкі агульная працоўная біяграфія.

– Нарадзілася я ў вёсцы Івонцавічы, – гаворыць Ірына Ільінічна. – Муж мой быў з Навасёлак. Дом пабудавалі ў Аляхновічах. Так было зручна для нас абодвух. Да выхаду на пенсію працавала білетным касірам прыпыначнага пункта «Ласі». Прадавала пасажырам білеты 38 гадоў.

Субяседніца расказала, што работу сваю вельмі любіла. За столькі гадоў пазнаёмілася з многімі мясцовымі жыхарамі і дачнікамі. Людзі былі ўдзячныя ёй за якасную працу, цанілі за ветлівасць, шчырасць, жыццялюбства і прафесіяналізм.
Прыклад мамы паўплываў на дачку. Маргарыта – таксама білетны касір. Абслугоўвае пасажыраў на станцыі Аляхновічы. Што цікава, пэўны час яна, як і маці, працавала на прыпыначным пункце «Ласі».

– Большасць пасажыраў купляе білеты на мінскі напрамак, – расказала Маргарыта Анатольеўна. – Многія едуць да станцыі Беларусь. Але і маладзечанскі напрамак карыстаецца папулярнасцю.

Маргарыта Залуцкая – мнагадзетная маці. Разам з мужам гадуе трох дачок – васьмігадовую Сафію, чатырнаццацігадовую Кацярыну (дзяўчынкі вучацца ў Аляхновіцкай сярэдняй школе), а таксама сямнаццацігадовую Дар’ю, якая вучыцца у Мінску ў педагагічным каледжы.

– Мы скарысталі сямейны капітал і пабудавалі жыллё ў Маладзечне, -- паведаміла жанчына. – Цяпер у нашай гарадской кватэры рамонт. Жывём з маці ў Аляхновічах. Дзецям тут падабаецца. Адукацыя добрая, шмат сяброў. Да месца вучобы іх дастаўляе школьны аўтобус. Спыняецца ён недалёка ад нашага дома. Гэта вельмі зручна. Увогуле, галоўнае ў жыцці – гармонія і павага адзін да аднаго.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ