Новости Молодечно и Молодечненского района

Пришла весна, комиссия выехала на пляж

  • 2017-04-07 09:55:31
  • Алег Бяганскі


Першым на маршруце быў вадаём Удранка паблізу Радашковіч. Удзельнікі рэйду адзначылі чысціню навакольнага лесу, наяўнасць навесаў і кабінак для пераапранання. Побач з пляжам абсталявана кантэйнерная пляцоўка для збору цвёрдых бытавых адходаў. Аднак смецце з яе даўно не вывозілася.

— Вадаём вельмі папулярны як сярод жыхароў нашага раёна, так і горада Мінска, — расказаў ляснічы Радашковіцкага лясніцтва Аляксандр Яноўскі. – У купальны сезон пляж пастаянна дагледжаны. Для адпачывальнікаў устанаўліваецца 6 біятуалетаў.

Не выклікаў нараканняў стан пляжу санаторыя «Сасновы бор». Па словах намесніка дырэктара санаторыя Сяргея Гвардзіяна, падрыхтоўка да купальнага сезона вядзецца згодна з планам. Рамантуюцца інвентар, лежакі, правяраюцца плавальныя сродкі. У хуткім часе на пляж плануецца завезці пясок. Летам у выхадныя тут адпачывае да чатырох тысяч чалавек. Усе яны павінны застацца задаволенымі чысцінёй і ўзроўнем камфорту.

Вабіў сваёй прыгажосцю вадаём дома адпачынку «Алеся» на Заходняй Бярэзіне. У добрым стане падтрымліваецца і пляж.

Зона адпачынку ў аграгарадку Беразінскае яшчэ патрабуе добраўпарадкавання. На пляж, дзе звычайна адпачываюць жыхары пасёлка, трэба завезці пясок, уладкаваць паркоўку для транспартных сродкаў, прыбраць прыбярэжную надводную расліннасць. Удзельнікі рэйду не сумняваюцца ў тым, што ўсё будзе зроблена ў належны тэрмін.

— Падрыхтоўка да купальнага сезона на Маладзечаншчыне вядзецца поўным ходам, — падсумавала вынікі рэйду галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ганіч. – За пляжамі замацаваны арганізацыі і сельвыканкамы, вядзецца маніторынг стану аб’ектаў інфраструктуры. Распрацаваны план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні зон адпачынку. Ля вадаёмаў, дзе купанне забаронена, плануецца ўстанавіць адпаведныя шыльды. Усё гэта робіцца з мэтай гарантавання бяспекі жыхароў і гасцей раёна.

— Кіраўнікі замацаваных за пляжамі суб’ектаў гаспадарання адказна ставяцца да сваіх абавязкаў. Выяўленыя намі пэўныя недахопы павінны быць выпраўлены ва ўстаноўленыя тэрміны. Калі пачнецца купальны сезон, маніторынг якасці вады на вадаёмах плануецца праводзіць штотыднёва. У вялікай ступені чысціня ў месцах адпачынку залежыць ад саміх адпачывальнікаў, — дадаў загадчык аддзялення камунальнай гігіены ЗЦГіЭ Міхаіл Міхалевіч.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.