Новости Молодечно и Молодечненского района

Прэзентацыя з наступствамі, або Ці смачная бульба з дарагой каструлі?

  • 2017-02-10 08:10:42
  • Лилия Липницкая

У гарадское таварыства абароны правоў спажыўцоў тэлефануюць і прыходзяць людзі з просьбай дапамагчы вярнуць ім грошы, а набытую рэч — прадаўцу. Часта яны сцвярджаюць: не разумеем, што зацьміла розум у момант пакупкі. І дадаюць: у гэтых каструлях нават бульбу зварыць немагчыма...

У чаканні цуду

Юрыст таварыства абароны правоў спажыўцоў Кацярына Абрамовіч расказвае: запрашэнні на прэзентацыі ўнікальнай прадукцыі маладзечанцы атрымліваюць па пошце ці па тэлефоне. Маўляў, прыходзьце, мы раскажам вам пра здаровы лад жыцця і правільнае харчаванне, вы паглядзіце на тавары, ацэніце. Грошай з сабой можаце не браць – купляць нічога не прымушаем. Як тут не пагадзіцца? На прэзентацыю ідуць, як на свята. А для пажылых і адзінокіх людзей, пенсіянераў гэта і ёсць свята. Там і гарбатай ці кавай пачастуюць, і на ўсе пытанні адкажуць, і ўсміхнуцца. А яшчэ створаць усе ўмовы, каб удзельнікі прэзентацыі купілі хвалёны тавар, прычым абсалютна добраахвотна. А цана? Тое, што каструля каштуе 300-400 рублёў, неяк выпадае з поля зроку. На першым плане перавагі тавараў, а ўжо якая цана — не важна.

— Удзельніка прэзентацыі прываблівае прапанова аформіць растэрміноўку, якая здаецца яму вельмі выгаднай, ці магчымасць атрымаць каштоўны падарунак – напрыклад, камізэльку з воўны або нажы. Таксама арганізатары могуць паведаміць, што нехта з гасцей сёння стаў тысячным пакупніком і мае права на беспрэцэдэнтныя ўмовы пакупкі. А калі рэкламуемы тавар яшчэ дабратворна ўплывае на здароўе, мае сертыфікаты і станоўчыя водгукі, хіба можна яго не купіць?

Чалавек у любым узросце здольны на спантанныя пакупкі. А пажылыя людзі асабліва наіўныя, лёгка паддаюцца ўнушэнню. Напэўна, вырашальным аказваецца і тое, што згодна з дагаворам можна забраць сваю рэч адразу на месцы прэзентацыі, не трэба ні даведак, ні паручыцеляў, ні нават першага ўзносу.

Можна задацца пытаннем: адкуль прадстаўнікам фірмы-прадаўца вядомы ваш нумар тэлефона. Усё вельмі проста: удзельнікаў прэзентацыі просяць запоўніць анкету і пакінуць нумары тэлефонаў сваіх знаёмых ці сяброў. Такім чынам сетка патэнцыяльных кліентаў пашыраецца і можа захоўвацца некалькі гадоў у камп’ютарнай базе арганізацыі, расказвае Кацярына Абрамовіч

Вярнуць можна, але складана

Магчыма, таварамі, набытымі ў час прэзентацый, карыстаюцца сотні гараджан і пры гэтым застаюцца задаволенымі. Аднак, па словах юрыста таварыства абароны правоў спажыўцоў, званкі з просьбай аб дапамозе не рэдкасць. Чаму людзі адмаўляліся ад посуду? Нехта  проста ўсведамляе, што не можа дазволіць сабе такія вялікія траты. Нехта сцвярджае, што ежу гатаваць складана: нібыта датчыкі гатоўнасці на накрыўках спрацоўваюць, а страва на смак сырая. Знаходзяцца і іншыя прычыны.

Здавалася б, вярнуць пакупку ў наш час няцяжка. Экспертыза па ацэнцы якасці і спажывецкіх уласцівасцей тавараў таксама распаўсюджана. Але гэтыя дзеянні заўсёды патрабуюць сіл, нерваў і, зноў жа, грошай.

— Нельга папракнуць прадаўцоў у парушэнні закона. Дагаворы на пакупку, як правіла, складзены граматна. Усё тое, што неабходна ведаць пакупніку, у іх дакладна прапісана. Звычайна тавар можна вярнуць па месцы знаходжання прадаўца — а гэта Гродна, Віцебск, Брэст. Як туды паедзе пажылы чалавек? Ды і больш малады дзесяць разоў падумае. Праўда, у мінулым годзе трое жыхароў Маладзечанскага раёна скасавалі дагавор пакупкі праз суд, — працягвае юрыст.
У практыцы Кацярыны Абрамовіч быў і такі выпадак: у гутарцы з прадаўцом гаварылася пра камплект посуду, і пакупнік быў упэўнены, што гэта сем прадметаў. Падлічыў, што гэта нядорага, і падпісаў дагавор, не ўдаючыся ў падрабязнасці. Хутка яму давялося расчаравацца: аказалася, што камплект — гэта толькі два прадметы. А ў дагаворы ж было ўсё ўказана...

Пакіньце час, каб падумаць

Юрыст звярнулася да чытачоў «Маладзечанскай газеты», асабліва прадстаўнікоў старэйшага пакалення:

— Наведваць прэзентацыі ніхто не забараняе. Аднак калі вам патэлефанавалі незнаёмыя з запрашэннем, вы маеце права адмовіцца і запатрабаваць выдаліць ваш нумар з базы даных фірмы-прадаўца. Калі вы пайшлі на прэзентацыю, не спяшайцеся на месцы купляць дарагія тавары і заключаць дагавор. Пакіньце час, каб у спакойных умовах падумаць, параіцца з дзецьмі або сябрамі, добра ўзважыць уласныя фінансавыя магчымасці і мэтазгоднасць набыцця. А самае галоўнае — уважліва чытайце дагавор. Такім чынам вы пазбавіце сябе ад лішніх клопатаў і перажыванняў. Памятайце, што подпіс пакупніка пад дагаворам азначае: «азнаёмлены і згодны».