Новости Молодечно и Молодечненского района

Праца жывёлавода не менш ганаровая, чым хлебароба

  • 2023-04-06 05:17:16
  • Алег Бяганскі

-- Мяркуйце самі: на ферме мне трэба быць задоўга да пачатку першай дойкі, -- гаворыць Андрэй Іосіфавіч. -- Неабходна загадзя праверыць спраўнасць абсталявання, пракантраляваць работу сістэм выдалення гною, выканаць іншыя абавязкі. У час даення кантралюю працэс.

Cубяседнік цэніць адносіны да работнікаў з боку кіраўніцтва гаспадаркі. Адзначае, што ўмовы на МТФ увесь час паляпшаюцца. Дарэчы, на ферме працуе і яго жонка Аксана Леанідаўна. Яна аператар машыннага даення. У сям’і двое дзяцей. Старэйшая дачка ўжо дарослая, працуе ў Мінску. Бацькі гадуюць дзесяцігадовага сына.

-- У «Палачаны» наша сям’я пераехала больш за 15 гадоў таму, -- працягвае Андрэй Чарняўскі. -- Гаспадарка забяспечвала жыллём сваіх работнікаў. А вясковую працу я ведаў: быў трактарыстам, работнікам ільносемстанцыі.
Праблем з асваеннем тэхнікі ў Андрэя не было. Малочнае абсталяванне на МТФ манціравалася пры ім. Ён ведае кожны вузел, кожную дэталь. Да таго ж спраўляцца з работай дапамагае вялікі вопыт.

-- Шануйце працу вяскоўцаў, не стаўцеся да яе пагардліва! -- звярнуўся Андрэй Іосіфавіч да жыхароў Маладзечаншчыны. -- Кожнаму падабаецца, калі на паліцах магазінаў у наяўнасці малочныя і мясныя прадукты. А без штодзённай самаадданай, карпатлівай працы жывёлаводаў гэта было б немагчыма.

У ТЭМУ. У рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» заахвочанні атрымалі работнікі МТФ «Аборак» Андрэй Чарняўскі, жывёлавод Наталля Сіцько і аператар машыннага даення Таццяна Траццяк.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.