Новости Молодечно и Молодечненского района

Пра вайну даведаліся не з кніг

  • 2024-06-10 07:41:22

У сапраўдным партызанскім краі пабывалі навучэнцы Радашковіцкай сярэдняй школы №2. Для іх была арганізавана паездка на радзіму ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана НАВАКОЎСКАГА, у вёску Цяплень Уздзенскага раёна.

Дзеці пабывалі ля помніка партызанам, якія загінулі ў 1943-1944 гадах, што знаходзіцца ў лесе. Там Іван Георгіевіч дзяліўся самым патаемным:

– Каб перажыць вайну і паглядзець, што будзе – марыў я тады. Што я памятаю? Захоп вёскі немцамі, арганізацыю партызанскага атрада, таварышаў, якія загінулі ў час вайны...

Навучэнцы пабывалі ў партызанскай зямлянцы, што захавалася з тых далёкіх страшных часоў, усклалі вянкі і кветкі, правялі Вахту памяці.

Далей маршрут руху пралягаў да знішчанай вёскі Рудкова. Цяпер на гэтым месцы, дзе калісьці было адзінаццаць двароў і 27 жыхароў, якіх спалілі зажыва, стаяць велічныя сосны – нямыя сведкі жахлівых дзеянняў нямецкіх салдат.

Вучняў уразіла паездка. Яны яшчэ раз пераканаліся, што такое нельга забыць, але трэба не дапусціць паўтарэння.

Людміла РАДЗЕВІЧ