Новости Молодечно и Молодечненского района

«Планета желаний» встречала детей-инвалидов из Молодечно

  • 2017-04-21 09:19:48
  • Вячаслаў Табулін

А пачыналася ўсё вельмі проста. Валанцёры раённага таварыства Чырвонага Крыжа Дар’я Кучынская і Юрый Апаль даведаліся, што ў Маладзечанскім спартыўна-забаўляльным цэнтры будуць праходзіць святочныя прадстаўленні вядомага ў Беларусі тэатралізаванага шоу для дзяцей «Планета жаданняў» і падумалі, а чаму б не запрасіць туды хворых дзетак, інвалідаў і не арганізаваць для іх спецыяльны сеанс.

Валанцёры сустрэліся з дырэктарам праекта Аляксандрам Паддубскім, і той згадзіўся. Нават прапанаваў зрабіць усё бясплатна.

Вясёлыя гульні і атракцыёны — на любы густ! Надзіманыя горкі, батуты, машынкі… Цір, дзе можна пастраляць з вялікай рагаткі па забаўных мішэнях. І нават рыбалка.

У праграме шоу былі таксама гульні з казачнымі героямі. Сімка, Бэтман, Чалавек-павук, Пірат і іншыя мульцяшныя персанажы праводзілі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі рухомыя гульні і фатаграфаваліся з імі на памяць. Усіх маленькіх удзельнікаў свята чакалі папкорн і салодкая вата.

— Калі дырэктар прапанаваў нам папрацаваць для дзяцей-інвалідаў, мы адразу згадзіліся, — расказвае другакурсніца ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юліяна Масейка з Маладзечна, якая ў той дзень выконвала ролю Сімкі. — Яны такія вясёлыя і шчырыя, нічым не адрозніваюцца ад іншых дзяцей. Разам са мной сёння працуюць мае сябры-мінчане Георгій Крацік, Дзмітрый Калеснікевіч, Аляксандр Сталяроў. Мы пастараемся, каб гэта свята надоўга запомнілася гэтым дзеткам.

Хлопчыкі і дзяўчынкі весяліліся ад душы. Па іх радасных тварах няцяжка было зразумець, што ім тут падабаецца. Стараліся і аніматары. На заканчэнне юныя артысты прапанавалі дзецям невялікае, але захапляльнае прадстаўленне-вандроўку ў казачную краіну, дзе здзяйсняюцца ўсе жаданні. На іх шляху сустракаюцца розныя цяжкасці. Перашкаджае трапіць у казачную краіну і марскі пірат. Але ўсе разам яны перамагаюць цяжкасці і дасягаюць запаветнай мэты.

— Калі з неба падаюць зоркі і пралятаюць над намі — трэба загадваць жаданне. Трапляецца запаветны лісток канюшыны ці кветка бэзу — самы час успомніць запаветную мару, — нагадвае хлопчыкам і дзяўчынкам  Юліяна, здзіўляючы іх рознакаляровымі мыльнымі бурбалкамі. — Калі гадзіннік б’е дванаццаць разоў пад Новы год і сняжынка падае на далонь — проста немагчыма не паверыць, што загаданае збудзецца!.. Усё наша жыццё — гэта час марыць і загадваць жаданні. Марце — і ўсё абавязкова збудзецца!

Тэкст і фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.