Новости Молодечно и Молодечненского района

Пётр Гайковіч – гаспадар зямлі

  • 2022-03-12 08:28:27
  • Алег Бяганскі

Нарадзіўся Пётр Іосіфавіч у вёсцы Падлеснай. У мнагадзетнай сям’і разам з ім выхоўваліся два браты і дзве сястры. Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы: тата — механізатарам, маці — жывёлаводам. Гайковічаў у вёсцы паважалі, а словазлучэнне «сем «я» — якраз пра іх.

— Свой жыццёвы шлях вызначыў яшчэ ў школе, — гаворыць механізатар. – Жыць у вёсцы мне падабалася. Да працы быў прывучаны з дзяцінства. Ды і да тэхнікі меў схільнасць. Спецыяльнасці навучаўся ў Беразінскім ПТВ-42 (цяпер Беразінскі аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй). Некалькі гадоў працаваў у Маладзечанскім райаграсэрвісе. У «Хажоваагра-2009» уладкаваўся ў 2010 годзе.

Субяседнік паведаміў, што жыллё ў Мыслевічах яму выдзеліла гаспадарка. Утульнасць у прасторным доме стварае жонка Вольга Іванаўна, якая працуе на адным з маладзечанскіх прадпрыемстваў. Бацькі выхоўваюць дачку Таццяну. Яна вучыцца ў дзясятым класе і марыць атрымаць вышэйшую адукацыю.

— Гаспадарка даверыла мне трактар «Фэндт», — працягвае Пётр Гайковіч. – Тэхніка ўніверсальная, энерганасычаная. Вывучыў яе дасканала. У абслугоўванні і рамонце трактара дапамагае інжынерная служба. Увогуле, калектыў у гаспадарцы дружны, зладжаны. Працую без напарніка, таму ўся адказнасць за тэхніку на мне. Работы хапае круглы год.

Самая гарачая пара для механізатара — пасяўная і ўборачная. У гэтыя дні працаваць даводзіцца ад цямна да цямна. Трэба ўзараць глебу, падрыхтаваць яе да сяўбы. Калі камбайны яшчэ ўбіраюць ураджай, ён ужо рыхтуе палеткі пад будучае жніво. Вельмі дапамагае справіцца з заданнямі такі сэрвіс, як дастаўка гарачага харчавання на поле.

Дома яшчэ чакае свая гаспадарка. Аднак так было заўсёды на вёсцы, наракаць тут няма на што. Свой агарод — добрая дапамога для сям’і. У вольны час вясковец захапляецца паляваннем і рыбалкай.

— У жыцці я не кіруюся прынцыпам «дзень прайшоў – і добра», — гаворыць Пётр Іосіфавіч. — Чалавек павінен бачыць перспектыву, ставіць перад сабой мэту і ісці да яе. Для мяне мэта — забяспечыць дзіцяці будучыню. Хачу, каб дачка была шчаслівай і паспяховай.

Пётр Гайковіч адзін з лепшых механізатараў Маладзечаншчыны. Летась ён быў адзначаны нагрудным знакам «За заслугі ў сельскай гаспадарцы». Работнік СУП «Хажоваагра-2009» мае і іншыя заахвочванні.

— Лічу, што плённа працуюць усе аграрыі раёна. Інакш у сельскай гаспадарцы нельга, бо на нас кладзецца вялікая адказнасць, — сказаў на развітанне Пётр Іосіфавіч.

Алег БЯГАНСКІ. Фота: Аляксей ПЛАТКО.