Новости Молодечно и Молодечненского района

Перш за ўсё – вера

  • 2025-07-10 12:20:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у філіяле №8 «Гарпасялковая бібліятэка г.п. Радашковічы» прайшоў дзень далучэння да духоўна-маральнай і патрыятычнай спадчыны «Сіла нашай веры».


Мерапрыемства зацікавіла мясцовых жыхароў, вернікаў, чытачоў бібліятэкі. У зале сабралася шмат неабыякавых людзей. На сустрэчу былі запрошаны святары Радашковіцкага благачыння. Інфармацыя, якую пачулі ўдзельнікі, не страціла актуальнасці да нашага часу.

Так, настаяцель Свята-Ільінскай царквы, благачынны Радашковіцкай царкоўнай акругі, протаіерэй Фама Шаплыка падрабязна расказаў аб дзейнасці і выпрабаваннях беларускага парафіяльнага духавенства ў гады нямецкай акупацыі. Выступоўца падкрэсліў, што свяшчэннаслужыцелі, нягледзячы на небяспеку, якая пагражала ім, праяўлялі патрыятызм і адданасць сваёй Радзіме. Так, у гады вайны многія храмы на тэрыторыі Беларусі былі спалены разам з мясцовымі жыхарамі, у тым ліку святарамі і іх сем’ямі.

– Для перамогі ў любой барацьбе патрэбна воля, а для яе – вера ў Бога, – адзначыў айцец Фама. – Прыклад гэтаму падавалі нашы абаронцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У той жа дзень у бібліятэцы адкрылася выстаўка з 27 работ мастака-іканапісца Ядвігі Сянько «Святло душы». Прысутныя задавалі аўтару пытанні пра яе біяграфію, цікавіліся творчым шляхам, поглядам на мастацтва.

– Мэта маёй творчасці – прынесці чалавеку святло і радасць, падарыць надзею, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць, вера ў Бога выратуюць свет. Мэта майго жыцця – узвесці храм у душы, – адзначыла Ядвіга Сянько.

Загадчык філіяла Таццяна Жаўнерчык акцэнтавала, што арганізатары ставілі мэту паказаць адзінства такіх паняццяў, як патрыятызм, духоўнасць, мастацтва, гістарычная памяць. Гэта асабліва яскрава пацвярджаецца, калі гаворка ідзе пра малую радзіму, месца, дзе чалавек нарадзіўся і вырас, якое ён выдатна ведае і разумее.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Радашковіцкай гарпасялковай бібліятэкі