Новости Молодечно и Молодечненского района

Пасля вайны вучыліся па хатах

  • 2025-07-21 11:08:43
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Ад размовы з Любоўю ХАДАСЕВІЧ атрымаў сапраўднае задавальненне: жыццёвая мудрасць, пачуццё гумару пажылой жанчыны (ёй споўнілася 89 гадоў) уражваюць. Пра такіх кажуць: «соль зямлі беларускай».


– Нарадзілася я ў вёсцы Гарнякі, – гаворыць Любоў Мікалаеўна. – Дзяцінства прыпала на цяжкія гады: вайна, пасляваеннае аднаўленне. Наша мясцовасць моцна пацярпела ад акупантаў. Калі прыйшло вызваленне, вучыліся па людскіх хатах. Там ставілі лаўкі, сталы. Так дзеці спасцігалі розныя прадметы.

Вучылася мая субяседніца добра, хоць выдатніцай і не была. Любіла маляваць, афармляць стэнды, іншую наглядную агітацыю. Настаўнікі давяралі ёй пісаць лозунгі. Пасля школы Любові Хадасевіч прапанавалі стаць загадчыкам вясковага клуба. На гэтай рабоце афарміцельскія навыкі вельмі спатрэбіліся.

У працоўнай біяграфіі жанчыны і работа ў мясцовай гаспадарцы. Любоў Мікалаеўна вяла ўлік работы сялян. Папярэднія звесткі давалі брыгадзіры ўчасткаў. Трэба было ўсё праверыць, пабываць на месцах, налічыць узнагароджанне за працу.

Цяпер жанчына паўгода – у цёплы сезон – жыве ў вёсцы, паўгода – у дачкі ў горадзе. Сумаваць яна не прывыкла: на падворку растуць агуркі, памідоры, дзве градкі з бульбай, ёсць парнік. Дапамагае іх даглядаць дачка.
– З даўніх часоў сябрую з «Маладзечанскай газетай», – паведаміла субяседніца. – Не магу без «раёнкі». Падабаецца чытаць пра людзей, мясцовыя навіны. Выданне цікавае і змястоўнае.

Сваім землякам і ўсім беларусам Любоў Хадасевіч пажадала здароўя, дабрабыту, даўгалецця, заклікала не забываць Бога. А самая вялікая яе мара – каб Усявышні падарыў Беларусі і ўсяму свету мір і спакой.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ