Работніца Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка «Вязынка» Тамара БІЗЮК (на фота) у дзяцінстве пазнаёмілася з Палінай МЯДЗЁЛКАЙ, сапраўднай музай Песняра беларускай зямлі Янкі Купалы.
– Нарадзілася я ў вёсцы Альжуткі, што на Мядзельшчыне, – расказала Тамара Уладзіміраўна. – Вучылася ў Будславе. У нашу школу часта прыязджалі беларускія паэты і пісьменнікі. На літаратурныя сустрэчы запрашалі Паліну Мядзёлку. Жыла яна недалёка ад школы. Было вельмі цікава яе паслухаць. У мяне нават доўга захоўвалася фатаграфія майго класа з Палінай і айчыннымі літаратарамі.
Субяседніца дадала, што ў зімовы час жыла ў школьным інтэрнаце. Побач быў парк, па якім Мядзёлка любіла гуляць. Яе часта суправаджаў сабачка.
– Прыемна, што людзі прыязджаюць на радзіму Янкі Купалы, – дадала Тамара Бізюк. – У Вязынку ладзяцца экскурсійныя туры. Шмат людзей наведвае музей самастойна. Людзі маюць патрэбу дакрануцца да гісторыі, да сваіх каранёў.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ