Дэтэктыўны тэлесерыял з галоўным героем Мухтарам – сабакам, які дапамагае паліцыі раскрываць злачынствы, выйшаў на экраны даволі даўно. Але і цяпер цікавасць гледачоў да яго не змяншаецца ў многім дзякуючы чатырохногаму выканаўцу галоўнай ролі.
Як становяцца зоркамі
Падлеткам Дзяніс Буркевіч з цікавасцю сачыў за прыгодамі Мухтара, але нават і не думаў, што сам прыме ўдзел у здымках кінастужкі ў якасці дублёра і дрэсіроўшчыка. Пасля школы ён закончыў Мінскі машынабудаўнічы каледж. Адслужыў у арміі, затым уладкаваўся на работу ў Маладзечанскі аддзел дэпартамента аховы. У цэнтры павышэння кваліфікацыі дэпартамента паспяхова прайшоў падрыхтоўку разам з аўчаркай Фіёнай, працаваў у групе затрымання.
— Фіёна сабака службова-пошукавы, — гаворыць Дзяніс. — Не любіць, калі да яго праяўляюць павышаную ўвагу малазнаёмыя людзі, не выносіць паху спіртнога і цыгарэт. А вось мой чатырохгадовы сын Ваня можа рабіць з ім што захоча, нават будаваць на спіне гарадкі з кубікаў... Фіёна мае тытул чэмпіёна Беларусі, неаднаразовы прызёр міжнародных спаборніцтваў і выстаў. Аўчарка здымалася ў рэкламных роліках, рэкламавала пуцёўкі, турыстычныя фірмы. Іншым разам здавалася, што крэатыўныя рэжысёрскія ідэі ўвасобіць проста немагчыма, але за кароткі час стваралася патрэбная сцэна.
У вольны час Дзяніс працягваў самастойна вучыцца кіналагічнай справе, наведваў семінары. На адным з іх пазнаёміўся з мінчанінам Віталіем Новікам, які расказаў, што яго аўчарка па мянушцы Воін прыме ўдзел у здымках серыяла «Мухтар. Новы след», і прапанаваў Дзянісу падрыхтаваць сабаку. Дарэчы, адбіралі чатырохногіх кандыдатаў як сапраўдных акцёраў. На кастынгу рэжысёр аддаваў перавагу таму, хто найлепш падыходзіў да ролі, бездакорна выконваў заданні. Воін ужо меў салідны «акцёрскі» вопыт, здымаўся ў многіх кінастужках, у тым ліку «Пёс рыжый», «Джульбарс и Дина. Солдаты службы Д».
У адной серыі здымаецца адзін сабака, а ў сезоне – два-тры. Вопытны кінолаг убачыць розніцу, а гледачы ў асноўным не заўважаюць дублёраў. Калі на студыі манціруюць стужку, аднаго сабаку «асвятляюць», іншага, наадварот, «зацямняюць». Для падтрымання формы іх нельга перакормліваць.
Калегі Вольга Корзун і Дзяніс Буркевіч з гадаванцамі Цюзанай і Фіёнай сярод пераможцаў міжнароднай выставы сабак.
Воін добра ведае словы «матор», «стоп-кадр», з якіх пачынаюцца і заканчваюцца кіназдымкі. А перш чым прыступіць да работы на здымачнай пляцоўцы, усіх абавязкова абяжыць і павітаецца.
Кур’ёзаў на здымках бывае даволі шмат, здараюцца і шчымлівыя моманты. Напрыклад, у адной з серый згубіўся зусім маленькі сабачка, якога трэба было адшукаць. Воін выдатна справіўся з заданнем, зайшоў на аўтобусны прыпынак, акуратна ўзяў шчаня за танюсенькі павадок і вярнуў яго гаспадару. А неўзабаве яму трэба было праявіць сапраўдныя байцоўскія здольнасці пры затрыманні злачынца.
Акцёры Уладзімір Фякленка і Аляксей Маісееў з задавальненнем фатаграфаваліся з Мухтарам і яго настаўнікам.
Шрамы ўпрыгожваюць дублёра-кінолага
Дзяніс Буркевіч удзельнічаў у дрэсіроўцы Воіна. Дапамагаў яму навучыцца правільна… кусацца. Калі спатрэбілася знайсці «фігуранта», на ролю дублёра запрасілі менавіта Дзяніса. Ён пагадзіўся. Кіношны злачынец перад сабакам неабаронены. Ніякай бронекамізэлькі, а летам падкладзены пад адзенне кусок скуры не павінен быць прыкметным.
— Прафесія дублёра небяспечная. Іншым разам на целе застаюцца шрамы, пракусы. Праўда, зажываюць яны на мне хутка, як на сабаку, — усміхаецца Дзяніс. — У кадры буйным планам, вядома ж, чатырохногі герой. Калі сын хоча пахваліцца, што яго тата здымаецца ў кіно, яму часам не вераць на слова. Таму ў застаўцы фільма сярод галоўных герояў ёсць і мой персанаж, — гаворыць кінолаг.
Таленты і прыхільнікі
Акцёры, што здымаюцца ў серыяле, шчырыя людзі. Уладзімір Фякленка, выканаўца ролі капітана паліцыі Максіма Жарава, са сваім чатырохногім напарнікам Воінам хутка наладзіў кантакт і даверлівыя адносіны, некаторыя трукі нават паставіў сам. У адным інтэрв’ю ён назваў Воіна дзівосным сабакам, які для яго бліжэйшы за іншых, бо першыя крокі ў серыяле яны рабілі разам. Акцёр нават падарыў яму ашыйнік з надпісам: «Рады працаваць разам, удачы і поспехаў. Валодзя Фякленка».
Серыял здымаецца ў павільёнах «Беларусьфільма». Здымкі праходзілі таксама ў Мінскай вобласці. Дзяніс некалькі разоў браў з сабой знаёмых дзяцей, якія вельмі прасіліся, а потым па тэлевізары глядзелі кіно не адрываючыся. Некаторыя з іх, калі ўбачылі «кіношную кухню», расстроіліся: у жыцці ўсё не так, як у прыгодніцкім кіно.
— А вось у бабулі маёй жонкі Надзеі Фамінаўны такі экскурс выклікаў толькі станоўчыя эмоцыі, — расказвае Дзяніс. — Яна сапраўдны фанат «Мухтара». Паглядзела ўсе сезоны, а некаторыя серыі па некалькі разоў па розных каналах. Жанчына з задавальненнем сфатаграфавалася з любімымі героямі, паназірала за развіццём падзей з рэжысёрскага месца. Цяпер дзеліцца ўражаннямі са знаёмымі.
Скажы мне, хто твой сябар
Сярод выхаванцаў Дзяніса не адзін дзясятак сабак. Самы маленькі — шпіц — важыў усяго каля 300 грамаў, быў пітбуль вагой пад 80 кілаграмаў і 100-кілаграмовы тыбецкі мастыф. Галоўны прынцып навучання – працаваць толькі на пазітыве. Сабака выдатна адчувае эмоцыі. Гадаванца нельга біць, пры неабходнасці варта наказаць павадком ці ўшчыпнуць за нос. За поспехі — даць ласунак. Трэба размаўляць з ім, вучыць выконваць каманды. Пры добрым паразуменні часам хапае і позірку.
Дзяніс катэгарычна супраць таго, каб сабака быў падарункам. Рашэнне завесці чатырохногага сябра павінна быць узважаным. Для яго трэба падрыхтаваць усё неабходнае, улічыць асаблівасці характару і памеры. Бываюць выпадкі, калі купляюць у кватэру хаскі, а потым не могуць з ім справіцца і ў лепшым выпадку аддаюць у добрыя рукі.
Сабака – сябар чалавека, калі ён у правільных руках. Здаровая жывёла рэдка бывае небяспечнай. Сабакі добра адчуваюць, калі іх баяцца — у страху таксама ёсць спецыфічны пах. Кажуць, што чатырохногія бачаць… носам. Пры сустрэчы з сабачай зграяй ні ў якім разе нельга махаць рукамі, крычаць. Калі няма ўпэўненасці нават у сваім гадаванцы, не трэба падпускаць яго да дзяцей. Малыя могуць справакаваць агрэсію.
Сабака ў многім капіруе характар чалавека і іншым разам здольны раскрыць некаторыя сакрэты. Паназіраўшы за чатырохногім, кінолаг лёгка зробіць вывады пра яго гаспадара. Нездарма жыве ў народзе мудрасць: «Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты».
Фота: архіў Дзяніса БУРКЕВІЧА.