У гэты дзень да яе завіталі з віншаваннямі, падарункамі начальнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці Сяргей Івашка, яго першы намеснік Святлана Сазонава, начальнік аддзела статыстыкі Маладзечанскага раёна Ірына Рулінская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Барада, інспектары па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Маладзечанскага РТЦСАН Алеся Калітнік і Вераніка Ткач, адказны сакратар раённага савета ветэранаў Святлана Маліноўская. Цудоўную песню падарылі віноўніцы ўрачыстасці ўдзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька» і яго кіраўнік Дзмітрый Бажко.
Ад голаду выратавала збожжа, зарытае ў зямлю
Бацькі Сцепаніда і Уладзімір Мазоўка, якія на той час жылі ў Пухавіцкім раёне, нядоўга думалі, якое імя даць сваёй першай дачушцы, назвалі яе ў гонар Прасвятой Багародзіцы.
-- Памятаю, як бабуля казала: «Прыйшла Прачыстая, усё поле ачысціла». І яшчэ адзін выраз адносна майго імя: «У Беларусі ўсе Іваны ды Марусі», -- прыгадвае з усмешкай Марыя Уладзіміраўна.
Першае, што здзіўляе пры знаёмстве з гэтай жанчынай, яе выдатная памяць. Доўгажыхарка паслядоўна, лагічна расказвае пра вехі сваёй біяграфіі, непадзельныя з вехамі развіцця нашай краіны.
-- Ведаеце, я нават памятаю, як у яслі хадзіла, -- здзіўляе юбілярка. -- Мы ж з Усходняй Беларусі, у нас адразу пасля рэвалюцыі пачалі калгасы арганізоўваць, дзіцячыя сады, школы адкрываць. Аднаасобных гаспадарак у нас не было, адразу пачалася калектывізацыя.
У 1930-я гады сям’я Мазоўка пераехала ў тагачасны Заслаўскі раён. Акрамя Марыі ў ёй падрастала маладзейшая за яе на чатыры гады сястра Надзея, двайняты Раіса і Мікалай, якія нарадзіліся за год да вайны.
-- У час фашысцкай акупацыі мой бацька Уладзімір Іванавіч змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе імя Чкалава, у снежні 1943-га загінуў. А вёску нашу фашысты спалілі. Мы цудам выжылі. Ад голаду нас выратавалі закапанае ў яму збожжа, а таксама рыбны тлушч, які раздабыла для нас, дзяцей, бабуля. Збожжа малолі на муку, варылі зацірку, пяклі бліны.
Аўтабіяграфію напісала 72 гады таму. І яна захавалася!
Неспадзяваным і вельмі прыемным сюрпрызам стала для Марыі Уладзіміраўны яе аўтабіяграфія, якую напісала ў далёкім 1951 годзе, калі працавала ў Маладзечанскім абласным статыстычным упраўленні, дзе ўзначальвала сектар прамысловасці. Гэты дакумент захаваўся ў архіве Галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці. Сяргей Івашка і Святлана Сазонава рады былі ўручыць яго юбілярцы, падзякаваць ёй за ўклад у развіццё статыстычнай службы нашай вобласці.
-- Адразу пасля вайны, у 1946-м, я закончыла статыстычны тэхнікум ЦСУ Дзяржплана СССР, мяне накіравалі на работу ў Маладзечанскае абласное статыстычнае ўпраўленне. На той час яго начальнікам быў Леанід Ліпніцкі, -- вяртаецца ў маладосць мая субяседніца.
Успамінае, што пасля вайны Маладзечна было моцна разбураным, статыстычнае ўпраўленне знаходзілася ў Гелянове ў адным доме з абкамам партыі, іншымі органамі ўлады. З усмешкай прыгадвае, што іншы раз з дзяўчатамі-калегамі спазняліся на работу, бо ў пакоі, які яны наймалі, не было ні радыё, ні гадзінніка. І наручных гадзіннікаў яны не мелі, у бедныя пасляваенныя гады гэта была раскоша…
Яркія ўспаміны засталіся ад курсаў павышэння кваліфікацыі ў Маскве, дзе правяла цэлы месяц. За гэты час пабывала на ВДНГ, у Ленінскіх гарах, у Вялікім тэатры на спектаклі «Бахчысарайскі фантан».
Мы слухалі ўспаміны юбіляркі, і ў каторы раз здзіўляліся яе памяці…
Ужо замужам Марыя Уладзіміраўна перайшла ў ПМК-77, дзе да пенсіі ўзначальвала планавы аддзел. Яе муж Леанід Данілавіч будаўнік, працаваў у інжынернай службе ўпраўлення «Маладзечнасельбуд». На вялікі жаль, ён пайшоў з жыцця ў канцы 1990-х. Няма ў жывых і старэйшага сына Алега, і гэта вечны мацярынскі боль. Калі Марыі Уладзіміраўне спатрэбіўся пастаянны догляд (яна інвалід І групы), малодшы сын Уладзімір звольніўся з работы, пераехаў з Мінска. Ён, дарэчы, медык па адукацыі. Вось ужо два гады сын клапатліва даглядае матулю, робіць усё магчымае, каб аблегчыць ёй жыццё. У Марыі Уладзіміраўны трое ўнукаў, сямёра праўнукаў. У свой час яна дапамагала гадаваць унукаў. Яны ўжо даўно выраслі, маюць сваіх дзяцей.
-- У чым сакрэт вашага даўгалецця? -- пацікавіліся мы ў жанчыны, якая, нягледзячы на такі паважны ўзрост, хваробы, добра выглядае, не страціла цікавасці да жыцця, любіць спяваць (і для нас яна праспявала прыгожы старадаўні раманс).
-- Магчыма, у тым, што я ніколі не сядзела без справы, заўсёды старалася дапамагчы дзецям, унукам, быць для іх карыснай. Сям’я для мяне самае галоўнае, сэнс майго жыцця…
Пра сваіх блізкіх Марыя Уладзіміраўна можа расказваць бясконца. Ганарыцца іх поспехамі, рада, калі наведваюць яе. А яшчэ мы даведаліся, што ўнучка яе роднай сястры назвала сваю дачушку Марыяй, і імя па бацьку ў дзяўчынкі таксама Уладзіміраўна. Так што ў вялікай радні дзве Марыі Уладзіміраўны, а паміж імі цэлы век…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І ЦЭМБАРЭВІЧ.