Кожны, хто прыйдзе ў навагоднюю ноч да галоўнай ёлкі горада, стане ўдзельнікам тэатралізавана-забаўляльнай праграмы «У пошуках залатога пеўніка», падрыхтаванай творчым калектывам гарадскога Палаца культуры.
Пачнецца яна ў гадзіну ночы і будзе складацца з трох блокаў. Спачатку вядучыя прапануюць публіцы рассмяшыць Царэўну Несмяяну, бліжэй да дзвюх гадзін ночы гараджане будуць вітаць Дзеда Мароза са Снягурачкай, а затым усе разам адправяцца шукаць залатога пеўніка – сімвал надыходзячага года. Лепшыя канцэртныя нумары ад вядучых салістаў Палаца культуры, гульнявая праграма – шмат сюрпрызаў падрыхтавалі работнікі культуры для землякоў. Безумоўна, не абыдзецца без танцаў. Навагодняя дыскатэка запланавана з 3.00 да 3.30.
Перад пачаткам прадстаўлення на Цэнтральнай плошчы будзе гучаць радыёгазета, на вялікім экране -- трансліравацца навагоднія віншаванні.
А вось традыцыйнага феерверку сёлета не будзе – такое рашэнне прыняў райвыканкам.
На Старым Месце
Як і ў мінулыя гады, другая сцэнічная навагодняя пляцоўка разгорнецца на Старым Месце. Тут таксама з гадзіны ночы пачнецца вясёлае навагодняе прадстаўленне, падрыхтаванае работнікамі цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна. Сустрэча з Дзедам Марозам і Снягурачкай, вясёлым пеўнем і яго сябрамі чакае ўсіх, хто прыйдзе ў гістарычны цэнтр горада. Ніхто не застанецца ўбаку ад цікавых гульняў, вясёлых карагодаў і дыскатэкі. Закончыцца мерапрыемства ў 3.30.
Усе службы – на варце бяспекі
Масавае мерапрыемства патрабуе асаблівай пільнасці і арганізацыі з боку ўсіх зацікаўленых службаў. Напярэдадні іх прадстаўнікі сабраліся на рабочую нараду ў дырэктара гарадскога Палаца культуры Святланы Сарока, каб праверыць гатоўнасць нумар адзін і абмеркаваць усе нюансы. У навагоднюю ноч будуць дзяжурыць медыкі, ратавальнікі, усё неабходнае для правядзення свята прадугледзелі работнікі УП «Камунальнік» і іншых арганізацый.